г.п.Падсвілле

Глыбоцкі раён

V31 PodsvileG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-11. 

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта з срэбным перакуленым вастрыём тры рыбы, якія ўсплываюць: адна (у цэнтры) – блакітнага, дзве па краях – срэбнага колеру. Усе рыбы выгнутыя ў выглядзе маладзіка.

Падсвілле знаходзіцца ў маляўнічым месцы, на берагах азёр Алоізберг і Белае. Блізкасць да вадаёмаў перададзена на гербе «вастрыём» другараднай геральдычнай фігурай, якая дзеліць шчыт, рассякаючы яго, і «паглыбляе» верхнюю частку, а таксама выявай трох рыбін процілеглых колераў на срэбным і блакітным полі.

Рыбы і іншыя насельнікі падводнага свету даволі часта сустракаюцца як ў гістарычнай тэрытарыяльнай геральдыцы, так і ў сучаснай. На некаторых гербах размешчаны канкрэтныя іх віды: напрыклад, на гербе польскага г. Сураж-Падляшскі (1582 г.)  прыстунічае карп, на гербе літоўскага г. Свянцяны (1845 г.) – дзве срэбныя сялявы, на гербе расійскага Саратава – тры сцерлядзі, нашага Астраўца – стронга.

Халаднакроўныя жывёлы адносяцца да натуральных негеральдычных фігур. У той жа час, рыба мае ў сімволіцы шматзначны і глыбокі сэнс. Першапачаткова яна тлумачылася як каханне і ўрадлівасць, у Старажытным Кітаі лічылася сімвалам шчасця і багацця.

Важны сэнс гэты знак набыў у хрысціянстве, дзе рыба стала сімвалам Хрыста. Літары грэчаскага слова «ixθýσ» (рыба) з’яўляюцца пачатковымі ў фразе «Ісус Хрыстос – Сын Божы, Збавіцель».  Першыя хрысціяне пазнавалі адзін аднаго па гэтаму знаку, некаторыя з іх насілі металічных, каменных, перламутравых або шкляных рыбак на шыі, падобна таму, як цяпер носяць нацельныя крыжыкі. Выява трох сплеценых рыбін з’яўляецца сімвалам Тройцы.

Тры рыбы на гербе Падсвілля ўвасабляюць прадстаўнікоў трох хрысціянскіх канфесій, якія здаўна мірна пражывалі ў гэтым рэгіёне, а таксама прыродную своеасаблівасць мясцовасці багатай на азёры і рэкі. Герб г.п. Падсвілле быў адобраны рашэннем Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта у 2002 г.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.