г.п.Лёзна

Лёзненскі раён

V22 LioznoG
V22 LioznoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-64 і Б-65.

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта залатая кроква, пад ёй герб “Агінец” – брама крэпасці або трон чырвонага колеру, на якім крыж, або скіпетр, срэбнага колеру.

Флаг: Блакітнае палотнішча прамавугольнай формы з суадносінамі бакоў 1:2. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны ламаны пояс жоўтага колеру.

У 1555 г. Мікулінская воласць была даравана Жыгімонтам Аўгустам Рыгору Валовічу, старасце Мярэцкаму, а з 1573 г. ваяводзе Смаленскаму. Яго дачка Рэгіна выйшла замуж за Багдана Мацвеевіча Агінскага і ўнесла Мікуліна ў якасці пасагу ў род князёў Агінскіх. Яе сын, Самуэль Багданавіч Агінскі, пры падзеле бацькаўскіх маёнткаў ў 1625 г. атрымаў Мікуліна і Лёзна, якое, па некаторых крыніцах, і было заснавана ў пачатку XVII ст. князем Багданам. У 1654 г. Лёзна ў дакументах згадваецца як мястэчка. Пасля смерці Самуэля Багданавіча ў 1657 г. адбыўся падзел маёмасці паміж яго сынамі. Старэйшы Шыман (Сымон) Караль Агінскі, ваявода Мсціслаўскі, валодаў Лёзна да 1699 г., пасля яго смерці мястэчка было падзелена паміж яго сынамі Багуславам, Марцыянам Міхаілам і Аляксандрам. У 1786 г. Агінскія заснавалі тут мураваную праваслаўную царкву. Ужо ў складзе Расійскай імперыі, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, мястэчка ў 1870 г. ад Агінскіх перайшло да Храпавіцкіх, а пазней да палкоўніка Шыбекі.

Аснову сучаснага афіцыйнага геральдычнага сімвала Лёзна складае герб «Агінец» – радавы знак князёў Агінскіх, якія на працягу значнага перыяду гісторыі гарадскога пасёлка былі яго ўладальнікамі.

Акрамя радавой сімволікі на гербе прысутнічае і залатая кроква. Гэта ганаровая геральдычная фігура можа разглядацца і як літара «Л»  – пачатковая літара ў назве гарадскога пасёлка. Спалучэнне уласна радавога знака былых уладальнікаў з разнастайнымі геральдычнымі фігурамі з’яўляецца досыць прадуктыўным прыёмам у сучаснай геральдыкі.

Флаг сканструяваны з выкарыстаннем асноўных колераў і фігур гарадскога герба. Герб і флаг адобраны рашэннем Лёзненскага раённага выканаўчага камітэта ад 23 кастрычніка 2002 г. № 516.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.