г.п.Друя

Браслаўскі раён

V18 DruiaG
V18 DruiaF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-5 і Б-6

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта старажытнае рачное судна са срэбным раскпушчаным ветразем на хвалях срабрыстага і блакітнага колеру.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у ніжняй частцы якога размешчана хвалепадобная паласа белага колеру на 1/3 шырыні палотнішча. Блакітная і белая паласы падзеленыя хвалепадобным арнаментам белага і блакітнага колеру.

Упершыню Друя згадваецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага пад 1386 г. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. З ёй звязаны многія вядомыя імёны. Так, ў 1496 г. Друя на доўгі час становіцца уладаннем княжацкага роду Масальскіх, прадстаўнікі якога спрыялі развіццю мястэчка. У 1579 г. тут спыняўся кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, які вяртаўся з-пад Пскова з ваеннага паходу. У 1611 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега набыў частку горада Друі. А 8 скававіка 1618 г. Ян Станіслаў Сапега падпісаў прывілей аб заснаванні побач з Друей новага горада, які належыў Сапегам, з разлікам ператварыць яго ў важны абарончы, гандлёвы і рамесны цэнтр. Для прыцягнення на новае месца майстроў, рамеснікаў і гандляроў, Сапега абяцаў ім пэўныя вольнасці на 20 гадоў. Згодна з гэтым прывілеям, горад атрымліваў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна з распушчаным ветразем на хвалях, вада срэбная.

Віціна – старадаўняе драўлянае пласкадоннае рачное судна для перавозкі грузаў з палубай і ветразямі, вядомае з XV ст. Такія лодкі ствараліся і хадзілі па Нёмане, Шчары, Віліі, Заходняй Дзвіне, пакуль на замену ім у другой палове XIX ст. не прыйшлі больш удасканаленыя судны. Вельмі рэдка віціна выкарыстоўвалася ў пачатку XX ст.

Герб г.п. Друі адобраны рашэннем Друйскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 27 верасня 2002 г. № 15-1.