г.п.Балбасава

Аршанскі раён

V08 BolbasovoG
V08 BolbasovoF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-182 і № Б-183.

Герб: У верхнім чырвоным полі перасечанага іспанскага шчыта – выява двух распушчаных крылаў, паміж якімі чырвоная пяціканцовая зорка, абведзеная срэбрам, у ніжнім блакітным – чорнага паляўнічага ражка з залатой фурнітурай. 

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй чырвонай і ніжняй блакітнай, у цэнтры правага боку палотнішча – выява герба гарадскога пасёлка Балбасава Аршанскага раёна.

Герб гарадскога пасёлка Балбасава Аршанскага раёна працягвае шэраг тэрытарыяльных беларускіх сімвалаў, у якіх адлюстравана і асноўная дзейнасць людзей, якія жывуць у гэтым населеным пункце, і радавая геральдыка былых уладальнікаў мястэчка.

Верхняя, найбольш ганаровая частка герба паказвае найноўшую гісторыю развіцця г.п. Балбасава – два срэбныя распушчаныя крылы, паміж якімі размешчана чырвоная пяціканцовая зорка, абведзеная срэбрам. У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя рашэннем урада краіны і камандавання РСЧА было распачата будаўніцтва ваеннага аэрадрома каля вёскі Балбасава, адкрыццё якога адбылося ў 1932 г. Шмат яркіх старонак было ўпісана ў летапіс авіягарнізона ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З 1944 па 1994 год у тут сталі базиравацца злучэнні далёкай авіяцыі ВПС СССР. За гады існавання авіяпалка была напісана яго гісторыя, пастаўлены помнік у выглядзе самалёта ТУ-16 як сімвал гонару лётчыкаў далёкай авіяцыі, заснаваны музей. Да нядаўняга часу, пакуль полк не быў расфармаваны. а самалёты выведзеныя ў Расійскую Федэрацыю, будні і святы яго асабістага саставу, абслугоўваючага персаналу і сем’яў вайскоўцаў былі звязаны з авіяцыяй. Таму цалкам натуральна, што з боку старшыні Балбасаўскага пасялковага Савета і яго каманды перад геральдыстамі была пастаўлена абавязковая ўмова – адлюстраваць найноўшую гісторыю. Гэта – срэбныя крылы, якія з’яўляюцца часткай геральдычнага знака – эмблемы Ваенна-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, і чырвоная пяціканцовая зорка.

Аднак гарадскі пасёлак Балбасава мае і больш старажытную гісторыю і першая згадка пра яго, якая была выяўлена ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, адносіцца да 1598 г. У гэты час сяло Балбасава належала вялікаму гетману князю Крыштафу Радзівілу па мянушцы «Пярун». Да 1772 г. яно знаходзілася ў валоданні прадстаўнікоў гэтага старажытнага княжацкага роду ў складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Гэтым і тлумачыцца наяўнасць элемента радавога герба «Трубы» – чорнага паляўнічага ражка з залатой фурнітурай у ніжняй частцы герба.

Праекты герба і флага былі адобраны рашэннем Балбасаўскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 11 снежня 2009 г. № 58.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.