г.п.Бешанковічы

Бешанковіцкі раён

V05 BeshenkovichiG
V05 BeshenkovichiF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-60 і Б-61.

Герб: У срэбным полі іспанскага шчыта на пяці блакітных хвалях чырвоная ладдзя з залатым грузам, на чырвоным ветразі якой выява герба “Ліс” – срэбная страла, перакрыжаваная дзвюма срэбнымі перакладзінамі.

Флаг: Прамвавугольнае палотнішча белага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У ніжняй частцы палотнішча размешчаны тры хвалістыя паясы блакітнага колеру, на якіх злева знаходзіцца чырвоная ладдзя з залатым грузам, на чырвоным ветразі якой выява герба “Ліс” – срэбная страла, перакрыжаваная дзвюма срэбнымі перакладзінамі.

Асноўны элемент герба – чырвоная ладдзя з распушчаным чырвоным ветразем, гружаная залатым таварам. Бешанковічы стаяць на Заходняй Дзвіне, па якой у старажытнасці праходзіў гандлёвы шлях «з варагаў у грэкі». У XVII ст. тут была пабудавана адна з найбуйнейшых прыстаняў, адкуль водным шляхам адпраўляліся тавары ў Прыбалтыку, г. Рыгу. Залаты груз ў ладдзі, які размешчаны на гербе, у сімвалічнай форме апавядае пра тое, што тавары не толькі адпраўляліся з гэтай прыстані, але і дастаўляліся па рацэ ў Бешанковічы. У XVIII ст. для эканамічнага развіцця Бешанковічаў важнае значэнне меў адзін з буйнейшых у Беларусі штогадовых кірмашоў, на які з’язджаліся літоўскія, рускія і заходнееўрапейскія купцы. Рака адлюстравана ў сучасным гарадскім гербе пяццю хвалістымі лініямі – паясамі. Пяць блакітных паясоў сімвалізуюць пяць поўных стагоддзяў з дня заснавання горада, якому нядаўна споўнілася 555 гадоў. Некаторыя даследчыкі тапанімікі лічаць, што сваю назву Бешанковічы атрымалі ад слова «бешань» – моцная плынь на сярэдзіне ракі.

Выява герба «Ліс» на чырвоным ветразі чырвонай жа ладдзі – вытанчаная срэбная страла з двюма перакладзінамі – з’яўляецца асноўным элементам радавога герба канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Іванавіча Сапегі, з імем якога звязана гісторыя Бешанковічаў і раёна. Леў Сапега нарадзіўся тут у радавым маёнтку Астроўна. З 1630 года ён валодаў Бешанковічамі. Па духоўнаму завяшчанню у 1632 г. населены пункт перайшоў да яго малодшага сына Казіміра. Пры ім Бешанковічы хутка развіваліся, атрымалі статус мястэчка, а ў 1634 г. і магдэбургскае права з дазволам весці ажыўлены гандаль – два кірмашы ў год і адзін гандлёвы дзень у тыдзень. Гістарычнага герба Бешанковічы не мелі.

На флагу у ніжняй частцы палотнішча па ўсёй даўжыні праходзяць блакітныя шырокія хвалістыя паясы, на якіх размешчана асноўная гербавая выява – ладдзя пад ветразем, зрушаная бліжэй да дрэщкавай часткі.

Праекты афіцыйных геральдычных сімвалаў гарадскога пасёлка былі адобраны рашэннем Бешанковіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 29 лістапада 2002 г. № 696.

Аўтар герба У.П. Жук, мастак А.У. Леўчык