г.п.Бягомль

Докшыцкі раён

V04 BegomlG
V04 BegomlF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваныя ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-180 і № Б-181.

Герб: У залатым полі іспанскага шчыта на зялёным падножжы ў выглядзе патройнай гары – сасна натуральнага колеру з зялёнай кронай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй зялёнай і ніжняй жоўтай, у цэнтры правага боку – выява герба гарадскога пасёлка Бягомль Докшыцкага раёна.

Гарадскі пасёлак Бягомль не меў у мінулым афіцыйнага геральдычнага сімвала. Пры стварэнні новага герба і флага быў выкарыстаны так званы «геаграфічны» прынцып, які прадугледжвае адлюстраванне прыродных асаблівасцяў краю; у дадзеным выпадку – характэрны рэльеф мясцовасці. Асноўную тэрыторыю раёна займаюць лясныя масівы з перавагай хвойных парод дрэў. Ўзгорысты ландшафт перададзены геральдычнай фігурай –падножжам зялёнага колеру, якая мае патройнае дзяленне. У якасці галоўнай негеральдычнай натуральнай фігуры выступае хвоя натуральнага колеру.

Па сваёй сутнасці выява герба Бягомля досыць традыцыйная, дрэвы ў геральдыцы сустракаюцца паўсюдна. Усё залежыць ад майстэрства і густу мастака, а таксама сэнсу, які ўкладваецца ў гербавы сюжэт. Так, на гербе Эльбінгеродэ (Германія) ёлка абцяжарана аленем і рыбай, у Араніенбаўме (Расія) герб прадстаўлены дрэвам з аранжавымі пладамі (1780), у Багадухаве (Украіна) – такое ж дрэва з сінімі (1781), у знаку Бецігалы (Літва) выява зялёнага дуба з трыма лістамі і двума залатымі жалудамі, і ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) – таксама дуб, але з дванаццаццю лісццямі і дапоўнены фарэллю і срэбным паніжаным хвалістым поясам.

Варта дадаць, што на працягу некалькіх гадоў на сайце «Геральдыка Беларусі» быў размешчаны праект герба Бягомля з іншым сюжэтам. Яго выява  («у блакітным полі іспанскага шчыта левая перавязь чырвонага колеру. У верхняй частцы шчыта размешчана срэбная княжацкая карона, на перавязі – залаты мітрапаліцкае жазло, у ніжняй частцы – срэбная дваранская шпага» – друкавалася на старонках часопіса «Архівы і справаводства» у 2008 г. (№ 5). Спалучэнне геральдычных фігур і іх ўзаемнае размяшчэнне на гербе павінны былі адлюстроўваць гісторыю развіцця менавіта гэтага населенага пункта. Бо спачатку ён знаходзіўся на дзяржаўных землях, а пазней 1395 г. вялікі князь Вітаўт вылучыў вёску Воўча (іншая назва Бягомля) са складу Харэцкай воласці і падарыў капітулу кафедральнага касцёла Св. Станіслава ў Вільні. Нарэшце, у часы знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, Бягомль належаў прадстаўніку тытулаванага дваранства.

Праекты цяперашняга герба і флага былі зацверджаны рашэннем Бягомльскага пасялковага выканаўчага камітэта ад 28 верасня 2010 г. № 285.

Аўтар герба і флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.