г.Орша

Аршанскі раён

V28 OrshaG
V28 OrshaF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Беларусі 23 мая 2002 г. № 84.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта срэбны крыж, ніжэй якога – залаты паўмесяц рагамі дагары.

Флаг: Прамавугольнае блакітнае палотнішча з суадносінамі па «залатым сячэнні» як 1:1,618. На 1/4 вышыні ў ніжняй частцы флага па ўсёй даўжыні палотнішча праходзіць блакітная паласа, над якой размешчана другая блакітная паласа шырынёй роўнай 1/4 ніжняй. Адлегласць паміж палосамі роўная шырыні вузкай паласы. У верхняй частцы палотнішча ў белым полі, па цэнтры, выява герба горада Орша, які накладаецца на палосы ніжняй часткі.

Орша ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 г. як горад Ръша Полацкага княства ў сувязі з міжусобнай вайной паміж полацкім князем Усяславам Брачыславічам і сынамі Яраслава Мудрага. Горад па ўсёй бачнасці пабудаваны ў 1101–1116 гг. князем Глебам Мінскім.

З 1320-х гг. Орша знаходзілася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, у 1398–1407 гг. па ўказу вялікага князя Вітаўта на месцы гарадзішча быў пабудаваны мураваны замак. У першай палове XIV ст. у сувязі з прыгранічным размяшчэннем горада вялікім князем Альгердам былі ўзведзены аршанскія гарадскія ўмацаванні. У 1560 г. Орша набыла статус цэнтра павета. У XVII ст. гэта быў адзін з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, рамесны, культурны і рэлігійны цэнтр.

У адпаведнасці з магдэбургскім правам Орша атрымала свой герб 13 снежня 1620 г. – паўмесяц рагамі дагары, паміж якімі крыж. Гэта адзін з найстарэйшых гарадскіх сімвалаў на тэрыторыі Беларусі.

Кавалерский крыж сімвалізуе мужнасць, гераізм, адвагу. Паўмесяц – здаўна вядомы сімвал Багародзіцы, які шырока ўжываецца ў хрысціянскай традыцыі. Знак паўмесяца «рагамі дагары» ўвасабляе элемент, які дае жыццю магчымасць распаўсюджвання i якi ўказвае напрамак да бясконцага развіцця, а таксама абараняе яго ад уплыву ніжэйшых сілаў (прыцягненне сілаў ад краёў да жыватворнага цэнтра). Гэты знак ёсць нішто іншае, як чаша Грааля – ёмістасць, у якой захоўваецца эліксір жыцця. Такім чынам, ніжні элемент сімвалізуе невычэрпную крыніцу ўсяго жывога, развіццё, росквіт якога асветлены сонечным святлом.

На палотнішчы флага шырокая і вузкая блакітныя палосы з’яўляюцца сімвалічнымі выявамі двух асноўных рэк горада Оршы – Дняпра і Аршыцы, на зліцці якіх і была заснавана Орша. Блакітны і белы колеры адпавядаюць асноўнай каляровай гаме гербавай выявы.

Рашэння аб адабрэнні гістарычнага герба 1620 г. i флага былі прынятыя Аршанскім гарадскім выканаўчым камітэтам ад 29 сакавіка 2002 г. № 237 і Аршанскім гарадскім Саветам дэпутатаў ад 9 красавіка 2002 г. № 166.