г.Мёры

Мёрскі раён

V24 MioryG
V24 MioryF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-69. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 июня 2009 г. Б-167

Герб: У блакітным полі іспанскага шчыта – тры срэбныя хвалістыя паясы, над імі – срэбны лебедзь з узнятымі крыламі.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – аздобленая белай аблямоўкай выява герба горада Мёры.

Мёры атрымалі статус горада толькі ў 1972 г., а да 1940 г. гэта было маленькае мястэчка, без адміністрацыйнага статусу. Таму Мёры ніколі не мелі свайго гістарычнага герба, што ў некаторай ступені ўскладніла яго распрацоўку.

Паколькі Мёры размешчаны на беразе сярэдняга з трох злучаных адзін з адным азёраў, а ў цэлым у раёне іх налічваецца больш за восемдзесят. Тут гняздуецца вялікая колькасць белых лебедзяў, таму стылізаваная выява гэтай птушкі і была пакладзена ў аснову праекта герба Мёраў. З антычных часоў фігура лебедзя, яго вытанчаная, гнуткая шыя і белае апярэнне рабілі гэту птушку сімвалам высакароднасці і чысціні.

У хрысціянскай культуры белы лебедзь з’яўляецца сімвалам Збавіцеля, яго распасцёртыя крылы абараняюць горад і яго жыхароў ад бед і пошасцяў, а лебедзь, які ўзлятае – сімвал адвечнага імкнення людзей да лепшай будучыні. Разам з тым, гэта гордая птушка, і ў выпадку нападу яна ўступае ў барацьбу нават з арламі.

Выява лебедзя на гербе Мёраў дапоўнена так званымі першараднымі геральдычнымі фігурамі – хвалістымі паясамі. Гэты прыём быў выкарыстаны пры стварэнні сучасных тэрытарыяльных гербаў, напрыклад, Расонаў або Лёзна. Адзначым, што выява лебедзя прысутнічае на гербах гарадоў Булонь-сюр-Мэр (Францыя) і Цвікаў (Саксонія, Германія), Ёнава (Літва), Удмурцкай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі.

Праект герба быў адобраны рашэннямі Мёрскага раённага Савета дэпутатаў 30 верасня 2002 г. № 102 і Мёрскім раённым выканаўчым камітэтам 11 снежня 2002 г. № 852. Флаг быў адобраны рашэннем Мёрскага раённага выканаўчага камiтэта ад 4 чэрвеня 2008 г. № 568.

Аўтар герба Т.А. Альхімовіч, мастак А.У. Леўчык.