г.Верхнядзвінск і
Верхнядзвінскі раён

V09 VerhnedvinskG
V09 VerhnedvinskF

Герб г. Верхнядзвінска зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 94. 

Флаг г. Верхнядзвінска і Верхнядзвінскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-188.

Герб: У залатым полі французскага шчыта вершнік у сталёвых даспехах з паднятым мячом у правай руцэ і авальным чырвоным шчытом з выявай срэбнага «патрыяршага» крыжа ў левай, конь пакрыты блакітнай трохканцовай гунькай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку – выява герба горада Верхнядзвінска. У ніжняй частцы палотнішча пад гербам гарызантальна размешчаны зверху ўніз тры паласы блакітнага, жоўтага і блакітнага колеру, якія складаюць адпаведна адну двадцатую, адну двадцатую і адну дзесятую шырыні палотнішча.

Выява ўзброенага вершніка шырока распаўсюджана ў беларуска-літоўскай і заходнееўрапейскай геральдыцы. Яе можна сустрэць і на рускіх пячатках і манетах, напрыклад на пячатцы князя Аляксандра Неўскага, на дзяржаўнай пячатцы Расійскага дзяржавы канца XVII ст. з выявай вершніка. Апошняя была прамалявана ў «Дзённіку падарожжа ў Масковію, 1698 і 1699 гг.», які быў апублікаваны ў Санкт-Пецярбургу ў 1906 г. Яго аўтар Ё.Г. Корб быў пасланнікам аўстрыйскага імператара «да рускага двара», які вёў перамовы аб вайне з Турцыяй. На пячатцы, цэнтральнай геральдычнай дамінантай якой выступае двухгаловы арол, размешчаны гербы вялікіх княстваў, а таксама Полацкага, Мсціслаўскага і Віцебскага ваяводстваў з выявай вершніка.

Добра вядомы выявы вершнікаў з розным узбраеннем і атрыбутамі на гербах Масквы, Дзмітрава, Кліна, Валакаламска і іншых гарадоў Расійскай Федэрацыі. У літоўскай геральдыцы выявы вершнікаў прысутнічаюць на гербах гарадоў Варней, Марыямпале, Прыенай. На іх, як і на гербе Масквы размешчана выява Святога Георгія Перамоганосца, які паражае цмока. Дзяржаўны герб Літоўскай рэспублікі з выявай срэбнага ўзброенага вершніка быў прыняты ў 1990 г.

Ад гістарычнага герба горада Дрыса сучасны афіцыйны геральдычны сімвал Верхнядзвінска адрозніваецца адсутнасцю яго верхняй часткі – двухгаловага Дзяржаўнага арла Расійскай імперыі і імператарскай кароны. Ён быў прыняты рашэннем Верхнядзвінскага раённага Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 85. Флаг адобраны рашэннем ад 16 кастрычніка 2009 г. № 110.

Мастак узноўленага герба І.А. Шпунт, аўтар і мастак флага В.А. Ляхор.