Віцебская вобласць

V01 VitsebskregionemG
V01 VitsebskregionemF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-157 і № Б-158.

Герб: У чырвоным полі французскага шчыта выява срэбнага вершніка ў даспехах, які трымае ў правай руцэ над галавой меч, у левай – шчыт з залатым шасціканцовым крыжам. Герб вянчае вялікая залатая карона з пяццю зубцамі, знізу яго атачаюць дзве залатыя дубовыя галіны, абвітыя і з’яднаныя блакітнай ордэнскай стужкай.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба Віцебскай вобласці.

У якасці афіцыйнага дзяржаўнага сімвала выява ўзброенага вершніка вядома на Віцебшчыне з другой паловы XIII ст. А двума стагоддзямі раней тут выкарыстоўваўся старажытны хрысціянскі сімвал – шасціканцовы крыж з кароткай верхняй перакладзінай, графічныя варыянты якога нанесены на даламітавую пліту ў Благавешчанскай царкве Віцебска XII ст. З 1500 г. срэбны рыцар на срэбным кані з залатой збруяй упрыгожваў чырвоны барочны шчыт герба Віцебскага ваяводства.

21 верасня 1781 г. Кацярынай II быў «найвысока зацверджаны» герб Віцебска з выявай вершніка ў паласатым, чырвона-белым, полі. 8 снежня 1856 г. імператар Мікалай I падпісаў указ аб заснаванні герба Віцебскай губерні: «В червленом поле серебряный всадник в вооружении, с поднятым мечом и круглым щитом; седло на серебряном коне червленое, покрытое трехконечным золотым, с лазуревой каймою, ковром. Щит увенчан Императорской короною и окружен золотыми дубовыми листьями, соединенными Андреевской лентою».

У эпоху новых, савецкіх, сімвалаў 700-гадовыя сімвалы Віцебшчыны па розных прычынах былі забытыя, хоць у «Беларускай савецкай энцыклапедыі» прыводзяцца гербы ўсіх беларускіх гарадоў з выявай «срэбнага каня, які скача». З 1990-х гадоў пачалося іх афіцыйнае адраджэнне.

Поўны герб Віцебскай вобласці як адзін з найбольш значных афіцыйных геральдычных сімвалаў Рэспублікі Беларусь складаецца, акрамя ўласна шчыта, з цэлага шэрагу геральдычных упрыгожванняў.

Колер палотнішча флага таксама абгрунтаваны гістарычна. Пасля адміністрацыйнай рэформы 1564–1566 гг. ваяводствы Вялікага Княства Літоўскага атрымалі з казны зацверджаныя харугвы. Сярод іншых была харугва Віцебскага ваяводства, якая мела палотнішча зялёнага колеру, у цэнтры якога была змешчана выява ўзброенага вершніка.

На гэтай падставе рашэннем Віцебскага абласнога савета дэпутатаў ад 17 лютага 2009 г. № 142 праекты герба і флага і палажэнні аб іх былі адобраны.

Мастак узноўленага герба і флага В.А. Ляхор.