Кобрынскі раён

B22 KobrinG
B22 KobrinF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 22 ліпеня 2004 г. № 340 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь № Б-13 і Б-14.

Герб: У блакітным полі французскага шчыта выява немаўля Ісуса Хрыста ў залатым адзенні, Прачыстай Дзевы Марыі ў адзенні чырвонага колеру на зялёны хітон, у залатой вольнай частцы шчыта выява праведнай Ганны ў чырвоным адзенні на блакітны хітон. Над іх галовамі – залатыя німбы.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2. У цэнтры правага боку палотнішча – выява герба Кобрынскага раёна.

За сваю гісторыю горад Кобрын меў некалькі гербаў. За аснову сучаснага герба ўзяты гістарычны герб, нададзены гораду Кобрыну і Гарадцу (цяпер цэнтр сельсавета) каралём польскім Жыгімонтам III Вазай разам з магдэбургскім правам 10 снежня 1589 года. Даследчык гарадской геральдыкі Беларусі А.К. Цітоў ў сувязі з гэтым адзначае, што «гэта ўвогуле адзіны для Беларусі выпадак, калі два гарады мелі адзін супольны магістрат, ужывалі адну агульную пячатку з адным гербам». У сваіх кнігах ён публікуе першую гарадскую пячатку 1589 г. i герб Кобрына з прывілею 1662 г., на якіх выявы трох фігур, размешчаных побач, праўда, па-рознаму: Маці Божай, немаўля Ісуса і праведнай Ганны.

Польскі кароль Жыгімонт III Ваза, які меў і тытул вялікага князя літоўскага, надаў Навагрудку (1595 г.) герб з фігурай архангела Міхаіла, Віцебску (1597 г.) з пагруднай выявай Ісуса. Дарагабуж (цяпер горад Смаленскай вобласці) (1625 г.) і Поразава (гарадскі пасёлак у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці) ў 1616 г. атрымалі гербы з выявай Дзевы Марыі з немаўляці. На гербе Мінска (1591 г.) таксама адлюстраваны біблейскі сюжэт – Унебаўзяцце Дзевы Марыі. Часам той ці іншы святы на гербе адлюстроўваўся як заступнік горада і яго абаронца.

На сучасным гербе Кобрына у адрозненне ад апублікаваных А.К. Цітовым першакрыніц, фігура праведнай Ганны размешчана ў так званай вольнай частцы поля французскага шчыта. Гэты прыём С.Я. Рассадзін абгрунтоўвае тым, што «ў сваім зямным жыцці Ісус не мог спаткаць Маці Дзевы Марыі, паколькі Святая Ганна памерла задоўга да нараджэння Хрыста». Дадамо, аднак, што згодна з праваслаўнай версіяй жыція Святой Ганн, яна памёрла ў Ерусаліме ва ўзросце 79 гадоў, правёўшы іх пры храме побач з дачкой. У каталіцкім веравучэнни ёсць згадка пра тое, што Святая Ганна далучылася да Святога сямейства ў Егіпце і займалася выхаваннем ўнука.

Герб і флаг адобраны рашэннем Кобрынскага раённага савета дэпутатаў ад 4 снежня 2002 г. № 119.

Аўтары рэканструкцыі герба П.А. Жараў, А.П. Макаўцоў, С.Я. Рассадзін, мастак В.А. Ляхор.