в. Сінкевічы

Лунінецкі раён

B40 SinkevichG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-153.

Герб: Варажскі шчыт, у блакітным полі якога срэбная чапля, якая трымае ў дзюбе лілеяпадобную кветку таго ж металу, паніжаны зялёны хвалісты пояс аддзяляе срэбнае падножжа.

Сінкевічы вядомы з XV ст. Вёскай валодалі Мантыгірдавічы, ва ўласнасці якіх былі і іншыя населеныя пункты Лунінецкага раёна, а ў канцы XVI ст. – Мікалай Крыштаф Радзівіл, князь на Алыцы і Нясвіжы. Важных звестак і яркіх гістарычных падзей, звязаных з вёскай, гісторыя не захавала. Найбольш значны гістарычны аб’ект у Сінкевічах – Георгіеўская царква, збудаваная ў 1830 г. на тэрыторыі могілак. Яна пабудавана з дрэва і ўяўляе сабой тыповы ўзор палескай школы культавага дойлідства.

Найбольш уражвае пры наведванні гэтых мясцінаў іх унікальная прыродная разнастайнасць. У 1985 г. тут быў створаны першы ў Беларусі Дзяржаўны біялагічны заказнік «Вусце Лані»  –  адзін з відаў прыродаахоўных аб’ектаў. Жывёльны свет заказніка, на думку спецыялістаў, з’яўляецца эталонным для фауны Палесся. Больш за 60 відаў птушак будуюць тут свае гнёзды, а калонія шэрай чаплі – найбуйнейшая ў сярэдняй паласе Еўропы.

Герб Сінкевічаў па сюжэце аналагічны гербу вёскі Лунін, але пабудаваны з выкарыстаннем іншых прыёмаў. Галоўная негеральдычная фігура – грацыёзная птушка чапля, якая трымае ў дзюбе лілею, як быццам заклікаючы жыхароў краю захаваць галоўную славутасць раёна – Лабелію Дортмана. Хвалісты пояс зялёнага колеру, які падзяляе шчыт на дзве няроўныя часткі і срэбнае падножжа – два віды геральдычных фігур – сімвалы аховы унікальнага кутка флоры і фауны, пра які паклапацілася сама прырода. Пранікненне ў заказнік ускладнена непраходнымі балотамі, таму дарогу да яго глыбіню якога можна знайсці толькі з дапамогай асаблівых метак, створаных самой прыродай.

Аўтар герб – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор.