в. Лунін

Лунінецкі раён

B27 LuninG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-151.

Герб: Варажскі шчыт, у блакітным полі якога срэбная птушка мышалоў, якая трымае ў кіпцюрах лілеяпадобную кветку таго ж металу.

Вёска Лунін, вядомая як сяло Вялікі Лулін Бобрыцкай воласці з 1440 года, за сваю доўгую гісторыю змяніла шмат уладальнікаў. Сярод іх былі прадстаўнікі вядомых у Вялікім Княстве Літоўскім радоў – Няміровічы, Іллінічы, Давойны, Друцкія-Любецкія, Саламярэцкія, Радзівілы і інш. Кожны з іх меў свой герб, які можна ўключыць у герб тэрытарыяльны. Аднак стваральнікі «лунінецкай геральдыкі» свядома адмовіліся ад гэтага. З аднаго боку, неабходна было выканаць прынцып «адзінства ў разнастайнасці», які складаецца ў выкарыстанні аднаго вядомага элемента (для Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці такім элементам стала срэбная кветка Лабеліі Дортмана), а з іншага – з дапамогай розных спецыфічных прыёмаў паказаць геральдычную разнастайнасць варыянтаў канструявання гербаў, каб ярчэй перадаць асаблівасці і непаўторнасць рэгіёна.

Герб Луніна адносіцца да «гаворачых»: у ім візуальна адлюстравана назва ўсяго раёна і канкрэтнай вёскі. Срэбная птушка мышалоў (лунь) паказана ў палёце з распушчанымі крыламі. Блакітная прастора поля герба перадае чыстае неба і свабодны палёт птушкі. У лапах мышалоў трымае кветку Лабеліі Дортмана на доўгім сцябле.

Аўтар герба і флага – М.М. Елінская, мастак – В.А. Ляхор.