в. Кажан-Гарадок

Лунінецкі раён

B21 KozhanGorodokG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 23 студзеня 2009 г. № Б-149.

Герб: Варажскі шчыт, скошаны злева, у верхнім блакітным полі якога срэбная лілеяпадобная кветка, у левым зялёным – залаты высокі бот на абцасе.

Аб старажытным паселішчы ў раёне Кажан-Гарадка сведчаць валы і курганы. На думку гісторыкаў, у старажытнасці сяло ўваходзіла ў сістэму абарончай лініі. Пачынаючы з 1493 г. Кажан-Гарадок (або Гарадзец) часта згадваецца ў пісьмовых дакументах: спачатку як уласнасць Пятра Янавіча Мантыгірдавіча, пазней – віленскага кашталяна Яна Кішкі, віцебскага ваяводзіча Станіслава Кішкі, брацлаўскага маршалка Юрыя Падбярэзскага і інш. У XVII ст. гэта быў невялікі горад, які меў пабудаваны на сродкі Дароты Падбярэзскай з роду Завішаў кальвінскі збор, сінагогу, месцы для правядзення кірмашоў. У 1818 г. стараннямі памешчыка Шчыта ў горадзе была пабудавана Мікалаеўская царква, якая дзейнічае і дагэтуль. У 1863 годзе была адкрыта двухкласная царкоўная школа для хлопчыкаў.

У XIX ст. Кажан-Гарадок быў добра вядомы сваімі кірмашамі, якія праводзіліся некалькі разоў на год. У іх бралі ўдзел у першую чаргу жыхары 12 вёсак, якія ўваходзілі ў склад Кажан-Гарадоцкай воласці. Мясцовыя тавары былі прадстаўлены рыбай, сельгаспрадуктамі, мёдам, воскам, ільном, пянькой. Рамеснікі прывозілі гліняны посуд, даматканыя сукно і палатно, вазы і сані, а таксама скураны абутак. Далёка за межамі раёна былі вядомы мясцовыя абутнікі, якія па-майстэрску апрацоўвалі скуру (не выключана, што адсюль – назва вёскі) і выраблялі боты.

Герб Кажан-Гарадка мае такое ж дзяленне, што і герб вёскі Дварэц. Акрамя геральдычнага сімвала Лунінецкага раёна, якім з’яўляецца срэбная кветка Лабеліі Дортмана, у левым зялёным полі змешчаны залаты бот. Першаасновай для дадзенай выявы паслужыў абутак, які насілі ў XVII ст. багатыя шляхцічы. Як правіла, гэта былі прыбраныя боты ярка-рудога або светла-карычневага колеру на абцасе. Яны ўпрыгожваліся кантамі, цісненнямі, шнурамі і г.д. Абутак на абцасе ў гэты час быў прывілеяй «высакароднага» саслоўя. Працоўны люд у горадзе і сельскай мясцовасці насіў абутак на плоскай падэшве. На дадзеным гербе гэтая фігура мае алегарычнае значэнне: з аднаго боку, як сімвал некалі прыватнага валодання гэтым населеным пунктам, з іншага, як рамесны выраб, выкананы рукамі мясцовых жыхароў.

Аўтар герба – Т.В. Канапацкая, мастак – В.А. Ляхор