в. Дзятлавічы

Лунінецкі раён

B17 DyatlovichiG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-148.

Герб: Варажскі шчыт, у блакітным полі якога ўверсе срэбная лілеяпадобная кветка, унізе – срэбны крыж, у падножжы якога змешчаны герб “Размер” – два злучаныя трохвугольнікі.

Дзятлавічы ўпершыню згадваюцца ў 1566 г. у сувязі з пераходам сяла з уласнасці полацкага ваяводы Станіслава Давойны да шляхціца Паўла Падарэўскага. У гэты час тут ужо налічвалася каля 40 сялянскіх двароў. На працягу наступных пяцідзесяці гадоў сяло паслядоўна пераходзіла ад Падарэўскіх да Кунцэвічаў і, нарэшце, ў 1618 г. шляхам куплі-продажу разам з Лунінцам перайшло ва ўласнасць Канстанціна Багданавіча Долмата.

Бяздзетныя Долматы, Канстанцін і Ганна з роду Юркоўскіх, запісалі, то бок даравалі, Дзяцелавічскай Праабражэнскай царкве вёскі Дзяцелавічы, Лулінец і Мелясніца. У тэстаменце было агаворана, каб манахі Кіева-Пячэрскага манастыра заснавалі ў Дзяцелавічах мужчынскі манастыр, які быў бы падпарадкаваны Канстантынопальскаму патрыярху і Кіеўскаму мітрапаліту.

З 1622 па 1625 гг. на тэрыторыі манастыра была пабудавана драўляная царква ў імя Праабражэння Гасподняга, а таксама келлі для ігумена і манахаў, пякарня, свіран, памяшканне для захоўвання прадуктаў, хлявы і стайні.

Манастыр быў цэнтрам культуры і адукацыі. Пры манастыры была вялікая бібліятэка старажытных рукапісных і друкаваных кніг, пераплётная і іканапісная майстэрні, «шпіталь», у якім манахі лячылі як сваіх субратоў, так і жыхароў навакольных вёсак. У XVII – пачатку XIX стст. манастыр жыў за кошт здачы ў арэнду розных будынкаў – карчмы, лесапільні, кузні, пчальніка, а то і цэлых вёсак.

Актыўная духоўная і прадпрымальніцкая дзейнасць манастыра паступова стала згасаць пасля вайны 1812 г. Аднак яшчэ на працягу некалькіх гадоў пасля яе заканчэння, манастыр па меры сваіх магчымасцяў шмат каму дапамагаў, у тым ліку і Слуцкай духоўнай семінарыі. Пасля двухсот трыццаці трох гадовага існавання Новапячэрскі Дзяцелавіцкі Праабражэнскі мужчынскі манастыр, які аказваў істотны ўплыў на развіццё навакольных населеных пунктаў, ў 1855 годзе быў зачынены.

У гонар заснавальніка манастыра Канстанціна Долмата на сучасным гербе Дзятлавічаў змешчана выява яго радавога герба «Размер». Стваральнікі сучаснага афіцыйнага геральдычнага сімвала вёскі палічылі, што жыццё манахаў, чым бы яны не займаліся (малітвай, фізічнай працай або афармленнем кнігі), прадугледжвае засяроджанасць, цярплівасць і аскетызм. Таму было вырашана абмежавацца строгай кампазіцыяй з двух аднолькавых па колеры элементаў – срэбнай кветкі Лабеліі Дортмана і простага па сваёй канфігурацыі шляхецкага герба таго ж металу.

Аўтар герба – Т.В. Канапацкая, мастак – В.А. Ляхор.