в. Вулька-2

Лунінецкі раён

B10 Wolka2G

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-146.

Герб: Варажскі шчыт, у чырвоным полі якога перакрыжаваныя залатыя цэп і каса, у ніжняй частцы шчыта – трохкутнае падножжа блакітнага колеру, на якім размешчана срэбная лілеяпадобная кветка.

Вёска згадваецца ў пісьмовых крыніцах з 1613 г., як сяло Воля маёнтка Кажан-Гарадок Наваградскага павета. Яно належала Мікалаю Станіславу Кішку і мела каля 60 двароў. Краязнаўцы працягваюць вывучаць гісторыю вёскі, але дакументальных звестак аб ёй захавалася няшмат.

У кожным з гербаў Лунінецкага раёна выкарыстаны адзіны элемент –  срэбная кветка Лабеліі Дортмана, якая ўпрыгожвае і герб вёскі Вулька-2. Лілеяпадобная кветка размяшчана ў ніжняй частцы герба – блакітным трохвугольным падножжы. Наяўнасць такой геральдычнай фігуры як падножжа, для беларускай геральдыкі не з’яўляецца чымсці рэдкім, але яго трохвугольная форма дыктуе размяшчэнне іншых фігур у верхняй частцы поля. Перакрыжаваныя залатыя каса і цэп – галоўныя прылады працы селяніна ў мінулым. Калі народнае цярпенне вычэрпвалася ў выніку непасільнай працы і цяжкіх умоў жыцця, гэтыя сельскагаспадарчыя прылады ператвараліся ў зброю пры сутыкненнях з эксплуататарамі. Імкненне да лепшага жыцця падкрэсліваецца і чырвоным колерам поля. Дзякуючы яму перадаецца тапанімічны сэнс назвы вёскі, якая з цягам часу зведала лексічную трансфармацыю: воля – Волька – Вулька. А свабода, незалежнасць, воля ў геральдыцы, як правіла, перадаюцца чырвонай эмаллю.

Кампазіцыя з залатых касы і цэпа ў спалучэнні з чырвонай эмаллю сімвалічна перадае і сучасны стан вёскі, мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства якой спецыялізуецца на вытворчасці зерня.

Аўтар герба М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.