г. Брэст

B07 BrestG
B07 BrestF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 1 чэрвеня 1994 г. № 1.

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-154.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта срэбны лук са стралой, накіраванай наканечнікам уверх.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх вертыкальных палос: дзвюх блакітнага колеру, размешчаных па краях, і цэнтральнай паласы белага колеру, на якой выява герба горада Брэста.

Брэст ўжо ў сярэдзіне XVI ст. з’яўляўся найбуйнейшым гандлёва-рамесным цэнтрам на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Як і іншыя буйныя населеныя пункты, горад карыстаўся магдэбургскім правам і гарадской пячаткай з гербам. Найбольш раннія гарадскія пячаткі нясуць на сабе гербавую выяву нацягнутага лука са стралой, накіраванай уверх. Па меншай меры да XVIII ст. у гарадскіх уладаў Брэста існаваў яшчэ адзін афіцыйны геральдычны сімвал: пячаткі XV–XVII стст. мелі выявы вежы з высокім дахам, якая стаяла ў міжрэччы Буга і Мухаўца.

І лук, і крапасная вежа ў XV–XVI стст., калі былі заснаваны гэтыя геральдычныя сімвалы, працягвалі заставацца важнымі атрыбутамі ў абароне горада ад нападаў шматлікіх ворагаў. Бо, як апавядаюць летапісы, на брэсцкай зямлі XI–XII стст. пастаянна вяліся міжусобныя войны паміж тураўскімі, кіеўскімі, уладзіміра-валынскімі і галіцка-валынскімі князямі. У XIII–XIV стст. заваяваць Брэст спрабавалі польскія каралі, літоўскія князі і тэўтонскія рыцары. У наступныя стагоддзі горад адбіваў напады крымскага хана і шведскай арміі. У сярэдзіне XVII ст. яго паслядоўна займалі расійскія, затым польска-літоўскія войскі. Прыгранічнае становішча горада знайшло дакладнае адлюстраванне ў гербах Брэста. Захаваныя на ніх сімвалы ўвасабляюць адвагу і мужнасць абаронцаў тутэйшых земляў.

У міжнароднай сімволіцы знаку стралы надаецца разнастайнае, часта супрацьлеглае значэнне. Так, абавязковай «зброяй» грэцкага бога кахання Эраса (лацінскага Амура) былі стрэлы, выпушчаныя ў сэрца прадмета пажадлівасці. У сярэднявеччы стрэлы ў руках сталі атрыбутамі вястуноў смерці. А ў хрысціянскім вучэнні стрэлы, выпушчаныя паганцамі-легіянерамі ў Святога Себасцьяна, сталі яго атрыбутамі. Разам з тым ёсць нейкія агульныя паняцці, якія асацыююцца са стралой: імпульс, хуткасць, пагроза і мэтанакіраванасць. Відаць, гэтыя характарыстыкі найбольш прымальныя пры тлумачэннi гербаў Брэстчыны, якая заўсёды займала прыгранічнае становішча. Тут ад якасці выпушчанай стралы часам залежыў вынік супрацьстаяння з ворагам.

Герб горада Брэста зацверджаны рашэннем Брэсцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў 26 снежня 1991 г. Распрацаваны на яго аснове флаг у 2008 г. заснаваны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.