г. Белаазёрск

Бярозаўскі раён

B02 BeloozerskG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 11 лістапада 1998  г. №  30.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта срэбны лук з трыма срэбнымі стрэламі наканечнікамі дагары, цэнтральная з якіх размешчана роўна, дзве іншыя, са зломам, пакладзены крыжам на цеціву лука. Унізе срэбны паўмесяц рагамі дагары.

Асноўнай крыніцай пры стварэнні новага гарадскога герба часта з’яўляецца гісторыя горада, а калі горад малады, то і гісторыя яго ваколіц. Такі прынцып вяршэнстваваў і пры стварэнні герба Белаазёрска.

Белаазёрск узнік у 1958 г. на месцы вёскі Ніўкі Бярозаўскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам тут Бярозаўскай ДРЭС. Сюды былі праведзены чыгунка і шашэйная дарога. Сёння Белаазёрск – гэта малады горад энэргетыкаў. Тут дзейнічае электрамеханічны завод і іншыя прадпрыемствы сацыяльна-бытавога прызначэння. У міжнароднай эмблематыцы сімвалам электрычнасці з’яўляюцца перакрыжаваныя маланкі, часам з апярэннем на канцы ў выглядзе стрэл. Даволі часта выкарыстоўваюцца сілавымі ведамствамі ў якасці геральдычных сімвалаў на эмблемах, шаўронах, нагрудных знаках і г.д.

Перакрыжаваныя срэбныя стрэлы на гербе Белаазёрска «ляжаць» на нацягнутай цеціве лука таго ж металу. Лук са стралой дагары ў блакітным полі – гэта гістарычны герб абласнога цэнтра, горада Брэста. Гэты элемент Белаазёрскага геральдычнага знака пераклікаецца з іншымі тэрытарыяльнымі гербамі вобласці – Брэсцкага раёна, Драгічына, Пінска (герб XVI ст.).

Срэбны паўмесяц у ніжняй частцы герба з пэўнай верагоднасцю можна звязваць з прыватнаўласніцкай геральдыкай. Непадалёк ад Белаазёрска знаходзіцца возера Чорнае, на беразе якога стаіць в. Новыя Пяскі (цяпер в. Пяскі), у мінулым – «радавое гняздо» вядомага расійскага дваранскага роду Пуслоўскіх. Сярод яго прадстаўнікоў былі прадпрымальнікі, мецэнаты, філантропы. Найбольш вядомыя з ніх – Войцех (1762 г.), Адам Цітус (1803 г.), Францішак Ксаверый (1806 г.) – нарадзіліся ў Пясках. Войцех займаўся прадпрымальніцтвам, будаваў дарогі, млыны, бровары, прадпрыемствы па выпуску паперы, жалеза, сукна, шкіпінару, смалы і інш. Упершыню ў Беларусі ужыў паравыя рухавікі. З 1831 г. Войцех стаў старшынёй Віленскага дабрачыннага таварыства. Ён пабудаваў касцёлы ў Альшэва, Целяханах і іншых месцах, палацы ў Альбярціне і Пясках. Пуслоўскія валодалі гербам «Шэліга». У польскіх і расійскіх выданнях па геральдыцы ён апісаны наступным чынам: «У чырвоным полі залаты паўмесяц рагамі дагары, і з сярэдзіны яго выходзіць залаты крыж. Нашлемнік складаецца з паўлінавых пёраў». Срэбны паўмесяц на гербе Белазёрска – своеасаблівая даніна павагі былым уладальнікам блізкага да гэтага горада маёнтка, якія шмат чаго зрабілі для росквіту роднага краю.

Прапанаваны Дзяржаўным камітэтам па архівах і справаводству праект герба быў зацверджаны рашэннем Белаазёрскага гарадскога савета дэпутатаў ад 28 верасня 1998 г. № 240. Палажэнне аб гербе зацверджана рашэннем Белаазёрскага гарвыканкама ад 27 кастрычніка 1998 г. № 240.

Аўтар герба А.А. Шпунт.