г. Пружаны

Пружанскі раён

B37 PruzhanyG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 снежня 1998 г., № 31.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта змей блакітнага колеру, які трымае ў пашчы немаўля.

Традыцыя адлюстравання радавой геральдыкі былых уладальнікаў гарадоў і мястэчак мае глыбокія гістарычныя карані. Прыкладам можа служыць герб г. Нясвіжа, рэзідэнцыі магутнага, шырока разгалінаванага роду Радзівілаў. У 1586 г. горад атрымаў свой непаўторны сімвал з выявай чорнага арла –  аднаго з галоўных элементаў княжацкага герба. На гербе г. Слоніма 1591 г. залаты леў трымае ў лапах радавы знак «Ліс» канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.

Паходжанне герба г. Пружаны губляецца ў Ламбардыі (адміністрацыйны раён Італіі). Гэта ўладальніцкі герб герцагаў міланскіх Вісконці і Сфорца. З роду апошніх паходзіла Бона, каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Пасля заключэння дынастычнага шлюбу з Жыгімонтам I Старым яна атрымала ў валоданне Пружаны. Пасля смерці Боны  горад перайшоў у валоданне яе дачкі Ганны Ягелонки. 3 мая 1588 г. Ганна, удава Стэфана Баторыя надала мястэчку магдэбургскае права разам з гарадской пячаткай і гербам (радавым сімвалам сваёй маці): у срэбным полі звівісты блакітны змей (цмок) з залатой каронай на галаве, які трымае ў пашчы немаўля.

6 мая 1589 г., кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт III Ваза сваёй граматай пацвердзіў прывілеі Пружанаў. Гэта адзіны дакумэнт, які высвятляе сэнс намаляваных на гербе фігур. З пашчы паўзуна немаўля менавіта выходзіць (з’яўляецца), што сімвалізуе ізноў абуджаную вечна маладую моц у спалучэнні з мудрасцю, здольнасцю света да самаачышчэння і аднаўлення. З часам чужаземная істота ператварылася ў каранаванага вужа – персанажа, які быў шырока распаўсюджаны ў беларуска-літоўскім народным фальклоры.

Выява блакітнага змея, які некалі з’яўляўся геральдычным сімвалам Мілана, шырока вядома не толькі ў нас, у Беларусі, але і ў Заходняй Еўропе. Італьянскія геральдысты называюць яго уласным імем il Biscione, што перакладаецца як вуж звычайны. Бісцыён – радавы знак дынастыі Вісконці, якая згасла ў сярэдзіне XV ст., з’явіўся прыкладна ў 1100 г. З дачкой апошняга герцага Вісконці Б’янка ажаніўся Франчэска Сфорца, які пачаў правіць Міланам у 1450 г., прыняўшы герб цесця. Дачка Джана Галеаца Сфорца Бона стала вялікай княгіняй літоўскай і прывезла сюды свой радавы герб. З яго паходжаннем звязана шмат легенд, хаця, як і большасць старажытных геральдычных сімвалаў, ён не мае дакладнай датыроўкі і тлумачэння. Адна з легенд апавядае аб крыжовым паходзе 1187 г., у якім прымаў удзел Атон Вісконці. У паядынку паміж крыжакамі і сарацынскім прынцам сутыкнуліся не толькі два непрымірымых суперніка, дзве культуры, рэлігіі, але і знакі армігераў. У Вісконці на гербе былі выявы сямі карон, якія ўвасабляюць зрынутых ворагаў, у маўра – змяя, якая пажырала немаўля, як сімвал перавагі над хрысціянамі. У знак бліскучай перамогі над маўрам Атон Вісконці забраў сабе яго шчыт, а пасля вяртання дадому, доблесны воін абраў яго ў якасці свайго радавога герба. Іншая легенда звязвае радавы знак з цмокам, які некалі жыў ў ваколіцах Мілана. Навукоўцы знайшлі доказы таго, што блакітная змяя была абярэгам ў старажытнай Ламбардыі.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Пружанскага раённага выканаўчага камітэта ад 20 кастрычніка 1998 г. № 1214.