г. Пінск

Пінскі раён

B35 PinskG
B35 PinskF

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 21 чэрвеня 1996 г. № 2.

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-156.

Герб: У чырвоным полі барочнага шчыта залаты лук, у якога стальное вастрыё скіравана направа.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча жоўтага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку – выява герба горада Пінска.

Пінск – адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1097 г. Да сярэдзіны XII ст. горад уваходзіў у склад Тураўскага княства, з другой паловы XII ст. – цэнтр удзельнага Пінскага княства. З пачатку XIV ст. Пінск знаходзіўся ў складзе Трокскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. У 1581 г. прывілеем Стэфана Баторыя Пінску было нададзена магдэбургскае права і герб. Выявы пінскіх гарадскіх пячатак XVI ст., якія былі знойдзены на дакументах 1594–1653 і 1781 гг., публікуюцца ў кнізе А.К. Цітова «Геральдыка беларускіх местаў (XVI – пачатак XX ст.)». На іх аснове аўтар зрабіў рэканструкцыю аднаго з самых старажытных гарадскіх гербаў Беларусі.

Пінск увайшоў у склад Расійскай імперыі пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.). 22 студзеня 1796 г. Кацярына II зацвердзіла новы герб павятовага горада Пінска Мінскай губерні, пакінуўшы на ім выяву лука са стралой: «В верхней части щита герб Минский. В нижней в красном поле, золотой лук натянутый стрелою того же металла со стальным острием. Сей герб издавна употреблялся в печати тамошнего Магистрата».

Такім чынам, гербы Брэста, Пінска і шэрагу іншых гарадоў маюць падобныя гербавыя фігуры – розныя віды баявой зброі – лук са стрэламі, мячы, гарматы і г.д., якія адлюстроўваюць прыгранічнае становішча гэтых гарадоў і пастаянную гатоўнасць насельніцтва адбіць любы напад ворага.

Герб Пінска і палажэнне аб iм зацверджана рашэннем Пінскага гарадскога савета народных дэпутатаў ад 21 чэрвеня 1994 г. № 421.

На аснове гербавага малюнка быў сканструяваны флаг Пінскага раёна, які заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.