г. Маларыта

Маларыцкі раён

B32 MaloritaG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1998 г. № 18.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта уверсе справа срэбная княжацкая карона, пад якой два дубовыя лісты з трыма жалудамі таго ж металу.

Упершыню горад Маларыта ўзгадваецца ў 1566 г. у рэвізіі Берасцейскага староства як каралеўская вёска Рыта Малая Палескай воласці Берасцейскага павета і ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

Геральдычная традыцыя адлюстравання прыналежнасці населенага пункта ў мінулым вярхоўнай асобе дзяржавы вядома больш за трыста гадоў. Так, на гербе Аўгустова (Польшча) змешчана карона чырвонага колеру караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста. У 1561 годзе ён заснаваў горад на месцы каралеўскай вёскі і назваў яго ў свой гонар. Акрамя кароны, на гербе маецца таксама манаграма караля – перавітыя «A» і «S» і дзве літары «P» і «R», якія азначаюць «кароль польскі». Прыкладам таксама можа служыць і герб Клецка (атрыманы горадам ў 1652 г.) на якім змешчана вялікакняжацкая карона – знак таго, што горад доўгі час знаходзіўся ў дзяржаўнай уласнасці.

Гэтага прынцыпу прытрымліваюцца і сучасныя геральдысты. Аўтары новага герба Маларыты ўжылі тое самае правіла, што і іх папярэднікі XVI–XVII стст. У верхняй частцы, з правага боку, змешчана вялікакняская карона. Гэтым жа прыёмам адлюстравана яшчэ адна асаблівасць Маларыты – яе геаграфічнае размяшчэнне: горад з’яўляецца цэнтрам самага паўднёва-заходняга раёна Беларусі. Малы дубовы вянок таксама нясе пэўную сэнсавую нагрузку і сімвалізуе багатую прыроду краю.

Для герба горада Маларыта выкарыстаны тыя ж эмалі і металы, якія мае гістарычны герб абласнога цэнтра (Брэст), што адпавядае рашэнню Брэсцкага аблвыканкама «Аб распрацоўцы новых і ўзнаўленні гістарычных гербаў вобласці».

Герб і палажэнне аб ім былі зацверджаны рашэннем Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта ад 28 лiпеня 1998 г. № 564.                

Аўтары герба члерэн саюза мастакоў Беларусі У.У. Папсуеў і гісторык А.А. Шпунт.