г. Ляхавічы

Ляхавіцкі раён

B29 LyahovichiG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 снежня 1994 г. № 5.

Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта срэбны план замка.

У пісьмовых крыніцах Ляхавічы згадваюцца ўпершыню ў 1492 г. як цэнтр Ляхавіцкай воласці. У гэты час Ляхавічы былі не толькі аграрна-гандлёвым паселішчам, але і адміністрацыйна-гаспадарчым цэнтрам буйнога феадальнага маёнтка. У першай палове XVI ст. яны належалі Гаштольдам, з 1551 г. – вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту, які з’яўляўся не толькі ўладальнікам так званых «гаспадарскіх» маёнткаў, але і адным з найбуйнейшых землеўладальнікаў Вялікага Княства Літоўскага.

У 1572 г. Ляхавічы і некаторыя іншыя прыватнаўласніцкія маёнткі Жыгімонта Аўгуста былі абменены на маёнтак Свіслач пана Яна Ераніма Хадкевіча. У 1579 г., пасля смерці Я.Е. Хадкевіча, Ляхавічы перайшлі да яго старэйшага сына гетмана Вялікага Княства Літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які замест старога драўлянага пабудаваў у Ляхавічах бастыённы замак. З гэтага часу Я.К. Хадкевіч пачаў пісаць свой тытул «граф на Ляхавічах». У 1635 г. горад пераходзіць яго дачцэ Ганне, якая была замужам за сынам Льва Сапегі Янам Станіславам.

У канцы XVI ст. на левым беразе ракі Ведзьма быў узведзены магутны бастыённы замак. Ён з’яўляўся адной з мадыфікацый новаітальянскай фартыфікацыйны сістэмы, даволі распаўсюджанай у Еўропе канца XVI ст. Замак лічыўся адным з самых магутных умацаванняў ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Тут размяшчаўся наёмны гарнізон, якому аказвалі дапамогу гарадское апалчэнне і мясцовая шляхта. Ляхавіцкаму замку за час яго існавання неаднаразова даводзілася адбіваць напады ворагаў: у ходзе антыфеадальнага паўстання зімой 1595–1596 гг., у гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) і  Паўночнай Войны (1700–1721).

У нашы дні на месцы некалі непрыступнага замка можна ўбачыць толькі земляныя валы, абарончыя равы і частку падвальных памяшканняў.

Цудам захаваўшаяся старадаўняя гравюра дазволіла ўзнавіць аблічча замка. Менавіта на яе абапіраліся ў сваёй працы стваральнікі сучаснага герба Ляхавічаў. Стылізаваная выява замка з гравюры XVII ст. была прапанавана ў якасці асноўнай геральдычнай фігуры для гарадскога сімвала.

Герб і палажэнне аб ім былі адобраны рашэннем Ляхавіцкага гарадскога савета дэпутатаў ад 26 снежня 1994 г. № 56.

Аўтары герба старшыня Ляхавічскага гарадского Савета дэпутатаў У.В. Кузьміч і мастак-графік С.В. Чарановіч.