г. Каменец

Камянецкі раён

B21 KamenetzG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 14.09.1998 г. № 20.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным пагорку абарончая вежа чырвонага колеру з байніцай і пяццю зубцамі ў верхняй частцы.

Згодна з даследаваннямі беларускіх археолагаў на месцы сучаснага Каменца, у X–XI стст. існавала селішча. У 1276 г. па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча тут было заснавана умацаванае паселішча. Асновай яго абароны, акрамя рова і насыпнога вала з умацаваннямі, стала 30-мятровая мураваная вежа, якая была ўзведзена паміж 1276 і 1288 гг. дойлідам Алексай. Жыхарам Каменца неаднаразова даводзілася брацца за зброю: ў 1289 года горад разбурыў драгічынскі князь Юрый Львовіч, на яго неаднаразова нападалі крыжакі. У XIV ст. Каменцам валодалі князі Кейстут, Януш Мазавецкі, Вітаўт. У 1503 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр надаў гораду магдэбургскае права і герб з выявай вежы. З 1566 г. Каменец уваходзіў у склад Берасцейскага ваяводства.

Камянецкая вежа сваім лаканічным, манументальным і велічным сілуэтам найбольш поўна адлюстравала мастацкія ідэалы і эстэтычныя запыты эпохі, яна адпавядала задачам ўзвялічвання і ўмацавання княжацкай улады, актыўна садзейнічала фарміраванню ў свядомасці людзей патрыятычных пачаткаў.

На беларускіх гербах XVI–XVII стст. можна сустрэць шмат замкаў і крэпасцяў, вежаў і ўмацаванняў. Прыкладам могуць служыць гербы Улы (1577), Суража (1569), Магілёва (1661), Любчы (1644) і Высокага (XVI).

Герб зацверджаны рашэннем Камянецкага раённага выканаўчага камітэта ад 20 жніўня 1998 г. № 466.

Аўтар рэканструкцыі С.Я. Рассадзін