г. Косава

Івацэвіцкі раён

B24 KossovoG

Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 1 кастрычніка 1998 г. № 27.

Герб: У блакітным полі варажскага шчыта срэбны Косаўскі замак, у партале якога шчыток – у чырвоным полі герб “Адрованж”, над замкам срэбная вялікакняжацкая карона.

На сучасных афіцыйных знаках гарадоў і гарадскіх пасёлкаў Беларусі дастаткова часта можна сустрэць гербы іх былых уладальнікаў. Яны выкарыстоўваюцца або цалкам, з захаваннем аўтэнтычных колераў поля і гербавых фігур (Смаргонь, Дзятлава, Клічаў і інш.), або з адлюстраваннем у тэрытарыяльнай эмблеме толькі некаторых элементаў радавых знакаў – асноўных фігур ці спалучэнняў металаў і эмаляў (Бешанковічы, Асіповічы, Смалявічы і інш.). Гэты ж прынцып выкарыстаны і на гербе Косава.

На ім у блакітным полі галоўнай геральдычнай фігурай з’яўляецца выява палаца срэбнага колеру. Яго правобразам паслужыла «радавое гняздо» Пуслоўскіх. Палац быў узведзены ў канцы 40-х гадоў XIX ст. графам Казімірам Пуслоўскім і яго сынам Вандалінам. Праекты палаца і парку распрацаваны ў 1838 г. архітэктарам Ф. Яшчалдам. У будаўніцтве прымаў удзел архітэктар У. Марконі. Палац быў акружаны паркам з рэгулярнай планіроўкай. Архітэктурным ядром палаца з’яўляецца двухпавярховы цэнтральны фасад, да якога праз галерэі прымыкаюць два бакавых крыла. Вуглы цэнтральнага корпуса фланкіраваны гранёнымі вежамі. Фасады дзеляцца спічастымі аркамі, ваконнымі праёмамі, перспектыўнымі нішамі. Унутраная планіроўка сіметрычная, характэрная для палацавай архітэктуры перыяду класіцызму. На працягу многіх дзесяцігоддзяў ён заставаўся візітнай карткай і галоўнай славутасцю горада.

На гербе на цэнтральным партале палаца размешчаны герб «Андрованж» – «у чырвоным полі срэбная страла, якая вылятае з лука з адарванай цецівой». На думку Я. Длугаша, польскага гісторыка і дыпламата, гэты герб перанесены з Маравіі ў X ст. Ён належаў першым уладальнікам Косава –прадстаўнікам вядомага на Беларусі роду Храптовічаў. Першая згадка пра горад звязана з імем маршалка Яна Літавора Храптовіча, якому вялікі князь Аляксандр Ягелончык сваім актам ад 11 чэрвеня 1494 г. дараваў Косава.

У верхняй частцы поля шчыта – вялікакняжацкая карона, якая сімвалізуе першапачатковую прыналежнасць горада вялікаму князю. Карона выступае не толькі сімвалам улады гаспадара, але, на думку вядомага рускага геральдыста У.К. Лукомскага, служыць прыкметай тэрытарыяльнага самакіравання.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Косаўскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 26 лістапада 1998 г. № 173.

Аўтар герба А.А. Шпунт.