г. Івацэвічы

Івацэвіцкі раён

B20 IvatsevichiG
B20 IvatsevichiF

Герб і флаг заснаваны Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-137 і № Б-138.

Герб: Варажскі шчыт, скошаны злева, у яго правым зялёным полі – герб “Газдава”: срэбная падвойная лілія з залатым пярсцёнкам; левае поле – залатое.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, падзеленае па дыяганалі з левага ніжняга ў правы верхні вугал на дзве роўнавялікія паловы – зялёную і жоўтую. У зялёнай частцы – герб “Газдава”: белая падвойная лілея з жоўтым пярсцёнкам.

Узнікненне любога старажытнага горада заўсёды звязана з легендамі і паданнямі. Ёсць такая легенда і для Івацэвічаў. У ёй распавядаецца, што ў старадаўнія часы справядлівы і высакародны князь, які жыў некалі на гэтых землях, падарыў частку ўласных ўладанняў аднаму са сваіх сялян. Падчас палявання князь пагнаўся за зубрам, але наскочыўшы на яго, быў прыціснуты паваленым канём і ледзь не разадраны магутнымі рагамі велізарнага звера. Яго выратаваў адзін з загоншчыкаў, і ў падзяку за гэта гаспадар прапанаваў яму золата. Аднак мудры выратавальнік папрасіў у князя самае каштоўнае, што можа быць у селяніна – зямлю. Селянін насіў прозвішча Іванцэвіч.

Першыя дакументальныя згадкі аб Івацэвічах адносяцца да 1508 г., калі Ганна, дачка Міхаіла Паца, пасля смерці мужа Мікалая Іллініча, запісала на Зэльвенскую алтарыю з Івацэвіцкага двара (сваёй спадчыннай уласнасці), пэўную колькасць мёду і воску.

На сучасным гербе горада выкарыстаны сімвал і колеры, якія, на думку яго стваральнікаў, адлюстроўваюць гісторыю краю ў цэлым. Поле герба мае адно з асноўных дзяленняў ў геральдыцы: ён скошаны злева на зялёны і золата – колеры, якія ўвасабляюць жывую прыроду, зямлю, сонца, дастатак, жыццё. У правай верхняй частцы поля змешчаны герб «Газдава» –  падвойная срэбная лілея з залатым пярсцёнкам пасярэдзіне. З радавых сімвалаў ўсіх уладальнікаў Івацэвічаў быў абраны той радавы герб, які належыць двум шляхетным сем’ям: Пацам, першым уладальнікам Івацэвічаў, і Трызнам, якія некаторы час валодалі горадам у XVII ст.

Размяшчэнне герба «Газдава» – першая спроба выкарыстання прыватнаўласніцкай геральдыкі пры распрацоўцы тэрытарыяльнай сімволікі Беларусі.  Пазней тым жа шляхам былі ўтвораны гербы Брагіна, Жодзіна, Гальшанаў, Міра і інш.

У 2003 г. рабочая камісія па геральдыцы, створаная пры каардынацыйным савеце па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, адобрыла апісаны варыянт герба, які быў разгледжаны і прыняты на 3-й сесіі Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў 23 верасня 2003 г.

Аўтары герба і флага С.Я. Рассадзін і А.А. Шпунт.