Брэсцкая вобласць

B01 BrestregioG
B01 BrestregioF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2004 года № 446 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 10 лістапада 2004 года № Б-15 і Б-16.

Герб: Барочны шчыт падзелены выпуклым сплошчана-зубчастым дзяленнем, верхняя частка – блакітная, у ніжняй, чырвонай, залаты зубр.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, вертыкальна падзелена на тры часткі. Дзве крайнія паласы – блакітныя, сярэдняя – чырвонага колеру з трыма зубцамі зверху, у цэнтры яе – выява зубра жоўтага колеру.

На гербе і флагу Брэсцкай вобласці адлюстраваны важныя гістарычныя падзеі і прыроднае багацце краю.

Вучоныя лічаць, што сярэднявечная Беларусь была краінай замкаў і крэпасцей. У першую чаргу гэта датычыцца прыгранічных тэрыторый, жыхары якіх неаднаразова гуртаваліся для барацьбы за сваю зямлю, абаранялі свабоду і незалежнасць, культуру і хрысціянскія каштоўнасці. На працягу ўсёй гісторыі  крапасныя збудаванні на брэсцкіх памежных землях адыгрывалі значную ролю. Некаторыя з іх захаваліся да нашых дзён і з’яўляюцца візітнай карткай Брэстчыны. Зубчастае дзяленне ў стылізаванай форме перадае контуры Камянецкай вежы, унікальнага помніка ваеннага дойлідства XIII ст, і сімвалізуе гераічнае мінулае народа, сувязь часоў.

На тэрыторыі вобласці знаходзіцца ўнікальны па сваіх біялагіных характарыстыках прыродаахоўны запаведнік – Белавежская пушча, –  занесены ў Спіс аб’ектаў суственай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА (1992). Тут сустракаецца вялікая колькасць рэліктавых раслін і шмат прадстаўнікоў жывёльнага свету, многія з іх занесены ў Чырвоную кнігу. Адной з найбольш каштоўных жывёл з’яўляецца самы буйны прадстаўнік фаўны на тэрыторыі нашай краіны – зубр, які, нароўні з буслом, стаў своеасаблівым сімвалам не толькі Белавежскай пушчы, але і ўсёй Беларусі. Яго фігура сімвалізуе непаўторнасць прыроды і стабільнасць рэгіёна. Залаты колер зубра азначае багацце, моц, чыстату і пастаянства.

Даніна памяці гераічнаму мінуламу вобласці падкрэсліваецца чырвоным колерам поля, які ў геральдыцы азначае адвагу, мужнасць, бясстрашнасць і барацьбу. Блакітны – колер велічы, прыгажосці і яснасці, колер мірнага неба.

Флаг паўтарае яго колеравую гаму  і сімвалы. Сярэдняя паласа чырвонага колеру мае зверху тры зубцы, якія паўтараюць, як і на гербе, сілуэт вежы ў Каменцы. Гэта збудаванне лёгка пазнаецца і падкрэслівае прыналежнасць таго ці іншага сімвала да Брэсцкай вобласці.

Дзеля заснавання герба і флага Брэсцкай вобласці была створана рабочая камісія па геральдыцы пры каардынацыйным савеце Брэсцкага аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны на чале з І.І. Карватам. Праекты былі разгледжаны і адобраны на паседжанні камісіі 15 кастрычніка 2002 г.