Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне
фармацэўтычных работнікаў «ФАРМАБЕЛ»

В-1911 РОО ФАРМАБЕЛ_Э

Эмблема: уяўляе сабой зялёны крыж з контурнай абводкай сіняга колеру, якая перарываецца ў вуглах крыжа. З вуглоў крыжа пад вуглом 45° размешчаны сіметрычна адзін адносна другога зялёныя чатырохвугольнікі. У цэнтры крыжа размешчаны контур дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь сіняга колеру, унутры контуру кампазіцыя зялёнага колеру – далонь, якая трымае таблетку (выгляд збоку). Пад эмблемай размешчана двухколерная абрэвіятура грамадскага аб’яднання – «ФАРМАБЕЛ» (частка слова «ФАРМА» – сіняга колеру, частка слова «БЕЛ» – зялёнага колеру).

Цэнтральным звяном эмблемы з’яўляецца кампазіцыя: унутры контуру дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь размешчана далонь, якая трымае таблетку. Далонь з таблеткай абазначае аб’яднанне фармацэўтычных работнікаў. Таблетка – самая распаўсюджаная лекавая форма большасці лекавых прэпаратаў. Наяўнасць такога элемента ўнутры контуру дзяржаўнай мяжы сімвалізуе рэспубліканскі статус грамадскага аб’яднання.

Другой часткай эмблемы з’яўляецца зялёны крыж – распаўсюджаны сімвал фармацыі, які размяшчаецца над уваходам у аптэкі ў большасці краін свету. Сіні контур вакол крыжа візуальна акцэнтуе ўвагу на зялёным крыжы і цэнтральным звяне эмблемы. Такое размяшчэнне элементаў падкрэслівае мэту арганізацыі – аб’яднанне фармацэўтычных работнікаў краіны.

Завяршальным элементам эмблемы з’яўляюцца парныя сіметрычныя чатырохвуольнікі, якія выходзяць з вуглоў крыжа. Чатырохвугольнікі нагадваюць  лісты раслін, якія заклалі гістарычную аснову развіцця лекавых прэпаратаў. Восем чатырохвугольнікаў разам сімвалізуюць васьміканцовую зорку беларускага нацыянальнага арнаменту  – сімвал агню, сямейнага ачага, мужчынскага пачатку. Дадзены элемент сімвалізуе гістарычную ролю прафесіі фармацэўта, якую ў старажытныя часы выконвалі мужчыны, а ў наш час фармацэўтычныя работнікі незалежна ад полу працуюць на карысць жыцця і здароўя кожнага чалавека, засцерагаючы тым самым іх сямейныя ачагі.

Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 20.02.2024. Нумар рэгістрацыі В-1911.