Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных

В-1828 Нац.центр защиты перс.данных_Э

Эмблема: уяўляе сабой круг сіняга колеру (адценне «дыпламат») з аблямоўкай белага колеру і дзвюма акружнасцямі шэрага і сіняга колераў.

У цэнтры круга размешчаны контур шчыта белага колеру. У цэнтры шчыта змешчаны знак выбару («птушачка») белага колеру, а ў верхнім левым вуглу – кропка таго ж колеру.

Па перыметры круга на аблямоўцы белага колеру літарамі сіняга колеру (адценне «дыпламат») размешчаны надпісы «НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР АБАРОНЫ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ» і «РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ».

Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь з’яўляецца ўпаўнаважаным органам па абароне правоў суб’ектаў персанальных даных, таму ў яго эмблеме мэтазгодна выкарыстанне сімвалаў, якія традыцыйна ўспрымаюцца грамадствам як сімвалы завершанасці, абароны, пацвярджэння правільнасці выбару або асабістага волевыяўлення і прыняцця канчатковага рашэння: круг (акружнасць) сімвалізуе завершанасць, канчатак поўнага цыклу, лічыцца самай дасканалай геаметрычнай фігурай; контур шчыта – сімвал надзейнасці, абароны; знак выбару («птушачка») традыцыйна выкарыстоўваецца пры выбары правільнага варыянту адказу або пры дачы згоды; кропка – знак выніку, скончанасці, прынятага рашэння.

Кампазіцыя стварае ўражанне канцэнтраванасці на пастаўленых мэтах і імкнення да іх дасягнення. Размяшчэнне кропкі ў левым верхнім вуглу шчыта акцэнтуе ўвагу на скончанасці не толькі вызначанай фігуры, але і скончанасці цыклу: упарадкаванасці працоўных працэсаў, вырашэнні крызісных сітуацый, рашэнні праблемных пытанняў.

Эмблема Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь выканана ў карпаратыўнай колеравай гаме з выкарыстаннем сіняга, белага і шэрага колераў.

Зацверджана Загадам дырэктара Цэнтра ад 07.09.2022 № 79.

Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 21.10.2022. Нумар рэгістрацыі В-1828.

В-1829 Нац.центр защиты перс.данныхФ

Флаг: уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча сіняга колеру (адценне «дыпламат») з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры пярэдняга боку якога  размешчана эмблема Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь.

Зацверджаны Загадам дырэктара Цэнтра ад 07.09.2022 № 79.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 21.10.2022. Нумар рэгістрацыі В-1829.

В-1848 Нац.центр защиты персон.данных_НЗ

Нагрудны знак адзнакі «За адзнаку»: складаецца з медальёна-падвескі і прамавугольнай калодкі. Нагрудны знак вырабляецца з латуні метадам чаканкі. Дэталі нагруднага знака маюць ахоўна-дэкаратыўнае пакрыццё серабрыстага колеру.

Медальён-падвеска мае форму круга, па перыметры якога рэльефам, што выступае, выканана стылізаваная выява нейронавай сеткі. Бліжэй да цэнтра круга па перыметры размешчаны надпіс «НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР АБАРОНЫ ПЕРСАНАЛЬНЫХ ДАНЫХ», які выкананы эмаллю сіняга колеру. Цэнтральная частка медальёна запоўнена эмаллю сіняга колеру, а ў цэнтры размешчана асноўная частка эмблемы Нацыянальнага цэнтра абароны персанальных даных Рэспублікі Беларусь са штучным крышталем сіняга колеру дыяметрам 3 мм у левым верхнім вуглу эмблемы. У ніжняй частцы медальёна размешчана запоўненая эмаллю сіняга колеру дэвізная стужка з надпісам «ЗА АДЗНАКУ», выкананым рэльефам, які выступае.

Адваротны бок медальёна-падвескі мае гладкую паверхню. У ніжняй частцы медальёна-падвескі выгравіраваны ўліковы нумар знака адзнакі.

Медальён-падвеска пры дапамозе кальца і вушка злучаецца з прамавугольнай калодкай. Калодка абцягнута тэкстыльнай стужкай сіняга колеру шырынёй 24 мм, якая мае вертыкальныя палосы блакітнага і шэрага колераў.

Памеры нагруднага знака: медальёна-падвескі – 33 х 32,5 мм, калодкі – 28 х 21 мм.

Знак мацуецца да адзення пры дапамозе шпількі.

Заснаваны Загадам дырэктара ад 07.09.2022 № 79.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 27.02.2023. Нумар рэгістрацыі В-1848.