Беларускі фонд міласэрнасці і здароўя

В-1782

Эмблема: ўяўляе сабой дзве акружнасці, якія размешчаны адна ў другой. У цэнтры малога круга раззмешчана ўмоўная выява галавы сястры міласэрнасці з крыжам на галаўным уборы, ад контуру якога разыходзяцца прамяні. Твар цэнтральнага элемента эмблемы ўяўляе сабой стылізаванае сэрца. Паміж дзвюма акружнасцямі размешчана назва грамадскага аб’яднання.

Эмблема адлюстроўвае адну з асноўных мэт стварэння фонду – адраджэнне традыцый міласэрнасці ў нашым грамадстве. Міласэрнасць вызначаецца ўсімі тлумачальнымі слоўнікамі як спачувальная любоў, гатоўнасць са спагады аказаць дапамогу таму, хто мае ў ёй патрэбу. Паколькі найбольш папулярнай візуальнай асацыяцыяй з гэтым паняццем з’яўляецца сястра міласэрнасці, убраная ў адмысловы галаўны ўбор – хасту, якя нагадвае хрысціянскі манаскі галаўны ўбор, то для эмблемы быў абраны менавіта гэты вобраз. На карысць гэтага выбару сведчыць той факт, што ў хрысціянскім мастацтве міласэрнасць адлюстроўваецца вобразам жанчыны, якая трымае ў руках сэрца або кветку. Абодва элементы прысутнічаюць у эмблеме. Выява сэрца з’яўляецца сімвалам міласэрнасці, само слова «міласэрнасць» прыйшло ў сучасную мову са стараславянскай, дзе было створана па метадзе калькі з лацінскага «misericordia», складовай часткай якога з’яўляецца слова «соr» – сэрца.

Прамяні, якія разыходзяцца ад контуру галаўнога ўбору, сімвалізуюць дзейную праяву міласэрнасці, якая дае душэўную радасць і гатоўнасць служыць, якія распаўсюджваюцца ўсё шырэй, і, у ідэале, пранізваюць ўсё наша жыццё.

Міласэрнасць – адна з найважнейшых хрысціянскіх дабрадзейнасцей, а крыж – асноўны сімвал хрысціянства. Акрамя таго, выява крыжа шырока выкарыстоўваецца ў геральдыцы, прысутнічае на зброі, адзенні, прадметах паўсядзённага побыту ў розных культурах, сімвалізуючы здароўе і жыццё.

Эмблема двухколерная, што адлюстроўвае пэўную аскетычнасць служыцеляў ідэі міласэрнасці. Белы колер трактуецца ў беларускай геральдыцы як сімвал чысціні, надзеі, справядлівасці, чорны колер сімвалізуе сціпласць, асцярожнасць, сталасць ў выпрабаваннях.

Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 05.04.2022. Нумар рэгістрацыі В-1782.