Полацкае кадэцкае вучылішча

В-1746

Эмблема: уяўляе сабой герб г. Полацка – барочны шчыт сіняга колеру, у цэнтры якога размешчаны ветразевы карабель натуральнага колеру з ветразямі і хвалямі серабрыстага колеру. Па абрэзе і краях шчыта размешчана дэвізная стужка чырвонага колеру з надпісам «ПОЛАЦКАЕ КАДЭЦКАЕ ВУЧЫЛІШЧА» залацістага колеру. У верхняй частцы за вітком стужкі размешчана разгорнутая книга серабрыстага колеру, у ніжняй частцы за стужкай – галінкі лаўра залацістага колеру. Сімвалы размешчаны на пашыранным крыжы чырвонага колеру з аблямоўкай белага колеру.

Аснова эмблемы –  герб горада Полацка і надпіс на дэвізнай стужцы – паказваюць на тэрытарыяльную прыналежнасць і найменне ўстановы адукацыі. Разгорнутая кніга – сімвал ведаў і навучання. Лаўр паказвае на сферу адукацыі, навукі, творчасці, а таксама сімвалізуе слаўныя традыцыі кадэцкага руху. Пашыраны крыж – традыцыйны элемент беларускай прыватнаўласніцкай геральдыкі і ваеннай сімволікі рыцарства, а таксама рэгулярных войскаў ВКЛ і Расійскай імперыі. Крыж выкарыстаны ў якасці даніны памяці і павагі да кадэцкіх карпусоў і вучылішчаў – папярэднікаў Полацкага кадэцкага вучылішча, у тым ліку і Полацкага кадэцкага корпуса, у нагрудным знаку якога ён з’яўляецца асновай.

На ніжнім прамяні крыжа размешчаны фрагмент гарматнага ядра – т.зв. «Ядра Вітгенштэйна», з якім звязаны пэўныя традыцыі Полацкага кадэцкага корпуса.

Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18.01.2022. Нумар рэгістрацыі В-1746.

В-1747

Флаг: уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру, з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры пярэдняга і адваротнага бакоў якога размешчана выява эмблемы Полацкага кадэцкага вучылішча.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18.01.2022. Нумар рэгістрацыі В-1747.

В-1748

Сцяг: складаецца з падвойнага палотнішча, дрэўка з навершам і падтокам, шнура з кутасамі.

Палотнішча Сцяга квадратнае, памерам 155х155 см, яно вырабляецца з шаўковай тканіны і па краях абшываецца залацістымі шаўковымі махрамі.

Палотнішча сцяга ўяўляе сабой пашыраны крыж чырвонага колеру з аблямоўкай жоўтага колеру. Вуглы крыжа падзелены на дзве роўнавялікія часткі: верхнюю – жоўтага колеру, ніжнюю – зялёнага. У цэнтры пярэдняга боку палотнішча размешчаны герб горада Полацка, які абрамлены лаўровым вянком залацістага колеру.

У цэнтры адваротнага боку палотнішча размешчана эмблема Полацкага кадэцкага вучылішча.

Дрэўка Сцяга драўлянае, круглага перасеку, дыяметрам 3,5 см і даўжынёй 250 см, афарбавана ў цёмна-карычневы колер і пакрыта лакам. На ніжнім канцы дрэўка маецца падток, на верхнім – наверша залацістага колеру ў выглядзе плоскага праразнога кап’я, усярэдзіне якога размешчана пяціканцовая зорка,

Шнур – упрыгожанне Сцяга. Даўжыня шнура 200 см. Шнур Сцяга кручаны, вырабляецца з залацістага шоўку. Канцы шнура завяршаюцца сцягавымі кутасамі залацістага колеру. Шнур з кутасамі мацуецца да ніжняй часткі наверша.

Колеравая гама Сцяга грунтуецца на традыцыях падзелу палотнішча на «крыж і куты» па дзяржаўных ведамасных і гербавых колерах, у дадзеным выпадк колерам Сцяга Полацкага кадэцкага корпуса Расійскай імперыі.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18.01.2022. Нумар рэгістрацыі В-1748.

В-1749 Полоцкое кадетское училище_НЗ.

Нагрудны знак аб заканчэнні: уяўляе сабой пашыраны крыж чырвонага колеру з аблямоўкай белага колеру. У цэнтры крыжа размешчаны герб горада Полацка – барочны шчыт сіняга колеру, у цэнтры якога размешчаны ветразевы карабель натуральнага колеру з ветразямі і хвалямі серабрыстага колеру. Па абрэзе і краях шчыта размешчана дэвізная стужка чырвонага колеру з надпісам «ПОЛАЦКАЕ КАДЭЦКАЕ ВУЧЫЛІШЧА» залацістага колеру. У верхняй частцы за вітком стужкі размешчана разгорнутая книга серабрыстага колеру, у ніжняй частцы за стужкай – галінкі лаўра залацістага колеру. На верхнім прамені крыжа ўверсе размешчана дата «2006» залацістага колеру, якая паказвае на год заснавання кадэцкага класа ў Полацку, на ніжнім – пластынка ў выглядзе дугі жоўтага колеру з надпісам «7 ОКТЯБРЯ 1812 г.» чорнага колеру. Надпіс паказвае на дату пападання т.зв. ядра «Ядра Вітгенштэйна» ў сцяну Полацкага кадэцкага корпуса, дзе яно і захрасла. Пад пластынкай размешчаны фрагмент «Ядра Вітгенштэйна» цёмна-серабрыстага колеру, ніжэй – дата «1835» залацістага колеру, якая паказвае на год адкрыцця Полацкага кадэцкага корпуса.

Адваротны бок занка гладкі, з мацаваннем да адзення ў выглядзе гайкі-закруткі.

Памеры знака: вышыня – 44 мм, шырыня – 44 мм.

У сюжэце знака максімальна выкарыстаны сімвалы і даты, якія раней былі размешчаны на знаку Полацкага кадэцкага корпуса Расійскай імперыі як сімвал памяці, павагі і пераемнасці гісторыі і слаўных традыцый гераічных папярэднікаў.

Зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18.01.2022. Нумар рэгістрацыі В-1749.