г. Чэрыкаў
і Чэрыкаўскі раён

Mg21 CherikovG
Mg21 CherikovF

Герб г. Чэрыкава зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 17 лiпеня 2002 г. № 92. 

Флаг Чэрыкава і Чэрыкаўскага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 24 жніўня 2006 года № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 года № Б-96.

Герб: У блакітным полі барочнага шчыта на зялёным падножжы срэбная крэпасць з трыма вежамі, сярэдняя з якіх вышэй за бакавыя. У цэнтры сярэдняй вежы – чырвоная брама са срэбным рыцарам, узброеным дзідай у правай руцэ.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх гарызантальных палос, верхняй – зялёнага колеру, ніжняй – блакітнага, якія складаюць адпаведна 3:1 шырыні флага. У цэнтры правага боку палотнішча – апраўленая белай аблямоўкай выява герба горада Чэрыкава і Чэрыкаўскага раёна.

У пісьмовых крыніцах Чэрыкаў вядомы з XVI ст. як цэнтр воласці Магілёўскай эканоміі Вялікага Княства Літоўскага. Да XVII ст. – вёска Магілёўскага стараства, з 1604 г. –  горад. У 1641 г. кароль Уладзіслаў IV надаў гораду магдэбургскае права і герб: срэбная крэпасць з трыма вежамі, у цэнтральнай –брама з узброеным рыцарам з дзідай у руцэ. Захавалася пячатка XVII ст. з выявай дадзенага сюжэта.

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. была ўтворана Магілёўская губерня. 16 жніўня 1781 г. быў выдадзены ўказ аб пераўтварэнні Магілёўскай губерні ў намесніцтва і зацвярджэнні гербаў для шэрагу беларускіх гарадоў, у тым ліку Магілёва, Дрысы, Віцебска, Гарадка, Суража, Чэрыкава. Усе яны маюць падобныя гербавыя сюжэты – збройнага вершніка і шчыты розных колераў. У гербе Чэрыкава эмаль чырвоная з залатой цітлай (простая геральдычная фігура ў выглядзе трапецыі або тонкай паласы, якая мае тры зубцы), які азначае, што «сие место всегда подсудно было Могилеву».

У мэтах адраджэння і захавання гісторыка-культурнай памяці і выхавання павагі да мінулага свайго роднага краю Чэрыкаўскі раённы савет дэпутатаў вырашыў адрадзіць герб 1641 г., кіруючыся адным з найважнейшых прынцыпаў у геральдыцы: чым больш старажытны герб, тым больш ён ганаровы для горада.

Вобраз сярэднявечнага рыцара ў сімволіцы заўсёды быў і застаецца дагэтуль сімвалам доблесці і мужнасці, смелага абаронцы роднай зямлі і хрысціянскіх каштоўнасцяў. Існуе цэлая сістэма колеравай гамы, якая характарызуе рыцара. Напрыклад, белы колер асацыюецца з нявіннасцю, святлом, радасцю. Белы рыцар – гэта пераможца.

Флаг створаны на аснове гербавай выявы.

Герб і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Чэрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 16-6, флаг – ад 30 чэрвеня 2005 года № 11-13.

Аўтар і мастак флага В.А. Ляхор.