г. Клічаў
і Клічаўскі раён
Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2005 г., № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 № Б-41.
Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2006 года № 526 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 29 жніўня 2006 года № Б-94.
Герб: У срэбным полі іспанскага шчыта пілападобнае вастрыё зялёнага колеру, у якім срэбная падкова шыпамі звернутая ўніз, паміж шыпамі залаты крыж, які паўтараецца на яе вяршыні.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох роўнавялікіх гарызантальных палос, верхняй – жоўтага, сярэдняй – зялёнага, ніжняй – белага колеру, у цэнтры правага боку палотнішча – герб горада Клічава і Клічаўскага раёна.
Камісія г. Клічава па распрацоўцы гарадской сімволікі прапанавала ў якасці цэнтральнай геральдычнай фігурай у гарадскім і раённым гербе прыватнаўласніцкі герб «Любіч», які належаў Незабітоўскім, якія з канца XVII ст. (1696 г.) валодалі землямі, якія ўваходзяць цяпер у склад Клічаўскага раёна.
Аднак простае паўтарэнне радавой эмблемы ў сучасным геральдычным сімвале не адпавядала прынцыпам пабудовы новых тэрытарыяльных гербаў, паколькі не ўлічвала гісторыка-геаграфічныя асаблівасці краю. Неабходна было дапоўніць герб новым зместам. Для гэтага ў срэбным полі герба выкарыстана асноўная геральдычная фігура – вастрыё, якое мае пілападобныя абрысы. Пры дапамозе такога дзялення перадаецца контур хвойнага дрэва, бо сёння 56 % тэрыторыі раёна занята лясамі. Лес быў і застаецца асноўным багаццем Клічаўшчыны. На яго перапрацоўцы грунтавалася і да гэтага часу працягвае паспяхова развівацца прамысловая вытворчасць раёна.
Зялёнае пілападобнае вастрыё размешчана ў срэбным шчыце. Срэбра ў геральдыцы сімвалізуе ваду, чысціню і празрыстасць, а ў клічаўскім гербе канкрэтныя рэкі – Бярэзіна, Друць і Ольсу, у міжрэччы якіх знаходзіцца раён. Высакародны метал ва ўмоўнай форме адлюстроўвае важнасць гэтых вадаёмаў, па якіх некалі праходзілі гандлёвыя шляхі, якія адыгралі важную ролю ў эканамічным развіцці рэгіёна.
Зялёны колер пілападобнага вастрыя таксама звязваецца мясцовымі жыхарамі з месцам, дзе вялася актыўная барацьба за свабоду і незалежнасць. Так, у часы вайны 1812 г. у лясах Клічаўшчыны разгарнулася шырокая партызанская барацьба супраць напалеонаўскіх войскаў, у 1863 г. у гэтых месцах ствараліся паўстанцкія атрады К. Каліноўскага. У гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1944 г.) Клічаўскі раён быў арганізуючым цэнтрам партызанскага руху ўсёй Магілёўскай вобласці.
Флаг створаны на аснове гербавай выявы.
Герб і раёна адобраны рашэннем Клічаўскага раённага Савета дэпутатаў ад 25 верасня 2003 г. № 3-7, флаг – рашэннем ад 16 верасня 2005 года № 11/06.
Аўтар герба і мастак М.М. Елінская. Аўтар флаг і мастак В.А. Ляхор.