г.п. Мір

Карэліцкі раён

Gr17 MirG
Gr17 MirF

Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 10 чэрвеня 2002 г. № 87.

Герб: Іспанскі шчыт падзелены зубчастым поясам. У верхняй частцы ў залатым полі вырастае чорны арол у залатой графскай кароне, унізе ў чырвоным полі сцяны тры паралельныя бэлькі, якія звужаюцца ўніз.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, мае гарызантальнае сплошчана-зубчастае дзяленне пасярэдзіне. Верхняя частка жоўтая, ніжняя – чырвоная.

Упершыню Мір згадваецца ў гістарычных крыніцах пад 1395 г. З 1486 года ён належаў Іллінічам – магнацкаму роду герба «Корчак». Адным з яго прадстаўнікоў быў Юрый (Ежы) Іллініч (кал. 1530–1569 гг.). Некаторы час ён знаходзіўся пры двары імператара Рымскай імперыі Карла V і ў 1555 г. атрымаў тытул «графа на Міры», а сам горад стаў пры ім цэнтрам Мірскага графства. У 1569 г. пасля смерці Юрыя яго ўладанні, у тым ліку Мір, перайшлі да Радзівілаў, пры якіх быў дабудаваны Мірскі замак.

З 1589 г. у складзе радзівілаўскай Нясвіжскай ардынацыі Мір існуе як асобнае графства. З 1579 г. карыстаўся няпоўным магдэбургскім правам. У 1795 г. пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Мір увайшоў у склад Расійскай імперыі і ў XIX – пачатку XX ст. меў статус мястэчка, цэнтра воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1828 г. у выніку шлюбу Стэфаніі Радзівіл з князем Л. Вітгенштэйнам Мір перайшоў у яго валоданне. З другой паловы XIX ст. ім валодалі князі Святаполк-Мірскія.

У цяперашні час багатая гісторыка-культурную спадчына г.п. Мір ва ўсёй паўнаце адлюстроўваецца ў яго сучасным гербе. Ён мае «іспанскую» форму шчыта і падзелены так званым зубчастым поясам. Такі падзел ва ўмоўнай форме перадае зубчастыя сцены асноўнага архітэктурнага збудавання гарадскога пасёлка, цэнтрам якога, безумоўна, з’яўляецца замак.

У заснаванні і развіцці Мірскага замка найбольш значную ролю адыгралі прадстаўнікі двух магнацкіх родаў Беларусі – Іллінічы і Радзівілы, цесна звязаныя паміж сабой роднаснай сувяззю. Таму элементы радавой геральдыкі уладальнікаў замка знайшлі сваё адлюстраванне і ў сучасным гербе. У верхняй частцы гербавага поля размешчаны радзівілаўскі арол, у ніжняй –асноўны элемент герба Іллінічаў «Корчак» – тры паралельныя бэлькі, якія звужваюцца ўніз.

На флагу г.п. Мір па аналогіі з гербам паўторана зубчастае дзяленне і выкарыстаны асноўныя яго колеры – жоўты, колер багацця і сілы, і чырвоны, які сімвалізуе веліч і адвагу.

Герб, флаг і палажэнні аб іх зацверджаны рашэннямі Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ад 28 мая 2002 г. № 344 і раённым Саветам дэпутатаў ад 30 мая 2002 г. № 54.

Аўтар герба і флаг М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.