в. Ляхчыцы
Кобрынскі раён


Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2008 г. № 659 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 23 студзеня 2009 г. № Б-141 і № Б-142.
Герб: Варажскі шчыт, у срэбным полі якога жаночая постаць у чырвона-сінім адзенні, залатой кароне, якая стаіць на падножжы зялёнага колеру, трымае ў правай руцэ залаты меч вастрыём уніз.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у левай частцы правага боку якога размешчана выява герба вёскі Ляхчыцы Кобрынскага раёна.
Вёска Ляхчыцы ўпершыню згадваецца ў «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі, складзенай Каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегам у 1563 годзе». Зафіксаваная яна таксама на рускіх картах XIX ст., польскіх пачатку ХХ ст., і ў кнізе «Археалагічная карта Гродзенскай губерні» (Вільня, 1895) Ф.В. Пакроўскага (1855–1903). Між тым, распрацоўшчыкі сучаснага вясковага герба, якія сабралі мясцовыя паданні і легенды, лічуць, што гісторыя вёскі пачынаецца на трыста гадоў раней. Крыніцы, якія апавядаюць пра падзеі ў гэтых краях, адносяцца да XIII ст.
Ва ўрочышчы на поўдзень ад вёскі Ляхчыцы знаходзіцца пагорак, здаўна празваны Княжацкай Гарой. Як лічаць старажылы, такую назву гара атрымала па імені князёўны Вольгі, якая была тут пахавана. Смерць напаткала яе ў баі з ворагамі, з якімі яна ваявала, помсцячы за гібель мужа, князя Уладзіміра.
Над стварэннем герба вельмі працяглы час працавалі гісторык-краязнаўца, галоўны спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Аддзела культуры Кобрынскага райвыканкама Ю.А. Барысюк і прафесійны дызайнер Ю.Г. Лявіцкі ў супрацоўніцтве з членамі Геральдычнага савета. Імі былі ўлічаны асаблівасці псіхалогіі ўспрымання геральдычных знакаў на мясцовым узроўні. Замест традыцыйных каласоў, снапоў, прылад сельскагаспадарчай вытворчасці, аўтары ўвасобілі на гербе глыбокую і узыходзячую да гісторыі задуму і прадставілі на ім постаць князёўны, ваяўніцы і заступніцы гэтага краю.
Герб, флаг і палажэнні аб іх адобраны рашэннем Хідрынскі сельскага Савета дэпутатаў ад 28 снежня 2007 года № 19.