Беларуская асацыяцыя міні-футбола

Эмблема: уяўляе сабой кампазіцыю, якая размешчана ў крузе з шырокай аблямоўкай жоўтага колеру. У цэнтры круга размешчаны тры сегменты: круг падзелены вертыкальна ў суадносінах 1:4, з левага боку на белым полі размешчаны фрагмент беларускага арнаменту чырвонага колеру. Правы сегмент падзелены ў суадносінах 4:2, адпаведна верхняя частка чырвонага колеру, ніжняя – зялёнага.
На кампазіцыю накладзена выва бусла, які лунае, жоўтага колеру. Пад яго левым крылом размешчаны мяч – асноўны спартыўны снарад для гульні ў міні-футбол. Дынаміку палёта мяча перадаюць тры лініі, прачэрчаныя ў форме авала.
Па аблямоўцы, якая мае больш светлыя тоны па знешнім і ўнутраным кругах, размешчаны надпіс «БЕЛАРУСКАЯ АСАЦЫЯЦЫЯ МІНІ-ФУТБОЛА. 5х5».
Эмблема выконвае сваё галоўнае прызначэнне – служыць ідэнтыфікацыйным сімвалам арганізацыі ў цэлым. Яна адлюстроўвае прыналежнасць да Рэспублікі Беларусь, а таксама характар і асаблівасці пэўнага віду спорту.
Аб прыналежнасці Асацыяцыі міні-футбола да Рэспублікі Беларусь гаворыць цэнтральная частка эмблемы – яна мае колеры і арнамент Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь. Фігура бусла, які ляціць, з’яўляецца неафіцыйным сімвалам Беларусі, як найбольш распаўсюджаны і вядомы від птушак на тэрыторыі краіны. Вобраз бусла сімвалізуе свабоду, актыўнасць, энергію, клопат аб бліжніх і адданасць Радзіме.
Мяч – асноўны спартыўны снарад міні-футбола, які выкарыстоўвае
у сваёй гульні каманда спартсменаў. Лічбы «5х5» адлюстроўваюць колькасць членаў каманды і паказваюць на спартыўных супернікаў на поле.
Форма эмблемы – круг. Ён сімвалізуе адзінства, згуртаванасць
і імкненне да дасягнення мэты.
Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 18.05.2023. Нумар рэгістрацыі В-1850.