Эмблема: адлюстроўвае прыналежнасць ветэранаў пагранічных войск, якія пражываюць на тэрыторыі Шумілінскага раёна, да грамадскага аб’яднання.
Эмблема мае форму круга, што сімвалізуе цэласнасць аб’яднання. Круг складаецца з унутранай часткі, знешняй і двух залатых кольцаў, адно з якіх падзяляе дзве гэтыя часткі круга, а другое абрамляе эмблему звонку.
Ведамасным колерам органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь з’яўляецца лясны зялёны, таму ў колеравай гаме эмблемы пераважаюць наступныя адценні: зялёны, аліўкавы, охравы.
Па вонкавым контуры круга, на аліўкавым фоне, цёмна-зялёнымі літарамі нанесены надпіс «Грамадскае аб’яднанне “Пагранічнікі Шуміліна”».
Кольцы залатога колеру ўвасабляюць веру, справядлівасць, сталасць. Унутраны круг мае расфарбоўку камуфляжнай формы пагранічнікаў. На яго фоне размешчаны пагранічны, чырвона-зялёны, пагранічны слуп – сімвал пагранічных войск. Перад слупам, на пярэднім плане размешчаны залацісты шчыт, які ўвасабляе трываласць, мужнасць, надзейнасць і абарону. На шчыце размешчаны герб Шумілінскага раёна, які быў заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20.01.2006 г. № 36. Усё гэта мае сэнсавае значэнне і раскрывае сутнасць грамадскага аб’яднання: яно заснавана ў Шумілінскім раёне і аб’ядноўвае ветэранаў пагранічнай службы.
Зарэгістравана ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 17.05.2022. Нумар рэгістрацыі В-1810.