г. Узда
і Уздзенскі раён
Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 6 снежня 2000 г. № 44.
Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 снежня 2011 г. № 564 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 5 снежня 2011 г. № Б-212.
Герб: У срэбным полі іспанскага шчыта Святы Пётр у залатым і блакітным адзенні і Святы Павел – у чырвона-блакітным.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй блакітнага колеру, ніжняй – чырвонага, у цэнтры правага боку – герб г. Узды і Уздзенскага раёна.
Нягледзячы на тое, што горад Узда ўпершыню згадваецца пад 1450 г. як двор Корсакаў у Мінскім павеце Вялікага Княства Літоўскага, яго цэнтральная частка архітэктурна была аформлена толькі ў XIX ст. У 1-й палове XIX ст. генерал рускіх войскаў К. Завіша ўзвёў ва Уздзе драўляны касцёл, выкананы з элементамі класіцызму і неаготыкі, які захаваўся да нашага часу.
А непадалёк ад яго, на супрацьлеглым баку цэнтральнай вуліцы, у сярэдзіне XIX ст. была ўзведзена праваслаўная царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта царква – помнік архітэктуры псеўдарускага стылю.
Святыя апосталы, у гонар якіх была пабудавана царква, прадстаўлены ў сучасным афіцыйным геральдычным сімвале горада. І калі вобраз Апостала Пятра ўжо не аднойчы сустракаўся ў гербах беларускіх гарадоў (Барысаў, Шарашэва), то постаці двух святых, якіх часта паказваюць разам, як найвялікшых прапаведнікаў хрысціянства, сустракаецца ўпершыню.
На гербе Узды і Уздзенскага раёна апосталы стаяць побач, у поўны рост, са сваімі атрыбутамі, як прынята іх адлюстроўваць ў хрысціянскім мастацтве: Апостал Пётр – з ключом і кнігай, Апостал Павел – з мячом. Мастакі-іканапісцы эпохі барока малявалі апостала Паўла высокім, з доўгімі светлымі валасамі і доўгай барадой. Сярод яго атрыбутаў былі кніга (ці скрутак), якая сімвалізавала яго Пасланні, і меч.
Выхадзец з забяспечанай сям’і, якая належала да габрэйскай дыяспары горада Тарса, Павел першапачаткова быў названы Саўлам. У юнацтве атрымаў добрую адукацыю, вывучаў мовы, філасофію, юрыспрудэнцыю. З’яўляючыся фарысеем, спачатку ён пераследваў хрысціян і быў адным з удзельнікаў збіцця камянямі першапакутніка Стэфана. Але на шляху ў Дамаск з ім здзейсніўся той цудоўны пералом, які ператварыў Саўла з зацятага ганіцеля ў вялікага прапаведніка хрысціянства – апостала Паўла. Сваё жыццё Апостал Павел скончыў у Рыме, дзе быў пакараны смерцю разам з Апосталам Пятром.
Герб горада і раёна i палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Уздзенскага раённага Савета дэпутатаў ад 30 жніўня 2000 г. № 27, флаг – рашэннем раённага выканаўчага камітэта ад 22 студзеня 2009 г. № 129.
Аўтар герба А.А. Шпунт, аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.