г.п. Івянец
Валожынскі раён
Герб зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 14 кастрычніка 1998 г. № 66.
Герб: У чырвоным полі варажскага шчыта пад графскай каронай паўстае залаты леў.
Па пісьмовых крыніцах Івянец вядомы з 2-й паловы XV ст. У 1522 г. ён згадваецца як мястэчка Мінскага павета Вялікага Княства Літоўскага. З 1470 г. Івянцом валодалі графы Салагубы, дзякуючы якім у пачатку XVIII ст. населены пункт стаў цэнтрам графства.
Прадстаўнікі шляхецкага роду Салагубаў добра вядомы ў гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх займалі высокія дзяржаўныя пасады, іншыя служылі ў войску. Графскі род валодаў радавым гербам «Праўдзіч» – у блакітным полі звернуты налева леў, які выходзіць са сцяны; у пярэдніх лапах ён трымае жалезны круг ці шар. Польскі гісторык і геральдыст Б. Папроцкі (1543–1614), пісаў, што гэты герб быў патрапіў у Польшчу з Германіі ў XIV ст.
У верхняй частцы сучаснага герба Івянца размешчана графская залатая карона з дзевяццю жамчужынамі. Ніжэй кароны – леў, прысутнасцю якога мы абавязаны зноў-такі графам Салагубам.
Графскі герб паслужыў асновай для стварэння сучаснага. Менавіта асновай, бо ў адрозненне ад радавога мае і свае асаблівасці. Так, на гербе Салагубаў леў «які выходзіць» павернуты ўлева, у гэтым жа – «паўстае» і павернуты направа. Для геральдыкі гэта істотнае адрозненне. Апошні паказваецца як верхняя частка ўзнятага на дыбкі льва па пояс з пярэднімі лапамі і з верхняй часткай хваста. У адрозненне ад льва «які вырастае» на гербе Воранава, леў у івянецкім гербе не дакранаецца сваім ніжнім краем да якой-небудзь фігуры размешчанай ніжэй. Менавіта таму гэты леў размешчаны ў цэнтры поля.
Герб Івянца і палажэнне аб iм зацверджаны рашэннем Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта ад 19 жніўня 1998 г. № 8.
Аўтар герба А.А. Шпунт.