г. Свіслач
Свіслацкі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 № 279 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 4 чэрвеня 2009 г. № Б-108 і № Б-109.
Герб: Перасечаны варажскі шчыт, у верхнім зялёным полі якога – залаты зубр са срэбнымі рагамі і капытамі, у ніжнім чырвоным – фрагмент фасада будынка Свіслацкай гімназіі залатога колеру са срэбнымі калонамі.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: у верхняй зялёнай – зубр жоўтага колеру з рагамі і капытамі белага колеру, у ніжняй чырвонай – фрагмент фасада будынка Свіслацкай гімназіі жоўтага колеру з белымі калонамі.
У 2006 годзе горад Свіслач адзначыў сваё 750-годдзе. На працягу ўсёй гісторыі ў яго развіцці велізарную ролю гуляла Белавежская пушча: карміла жыхароў краю ў гады неўраджая, абараняла ў гады ліхалецця, давала цяпло для абагравання жылля ў сцюжу, дарыла чыстае паветра, з’яўлялася месцам адпачынку і аб’ектам натхнення. А сапраўдным гаспадаром Белавежскай Пушчы заўсёды быў зубр, выява якога і заняла верхняе, найбольш ганаровае месца ў гербе.
У ніжняй частцы герба і флага размешчаны фрагмент гімназіі. Гэты будынак – найстарэйшы ў Свіслачы, быў пабудаваны ў 1827 г. у адпаведнасці з рэскрыптам, падпісаным у 1804 г. расійскім імператарам Аляксандрам I. Свіслацкая гімназія была адной з першых свецкіх школ на тэрыторыі Беларусі. Са сцен гімназіі выйшла нямала выдатных людзей, якія пакінулі свой след у гісторыі Беларусі. У гімназіі вучыліся кіраўнік паўстання 1863–1864 гг. К. Каліноўскі, Н. Орда, Р. Траўгут, Ю. Крашэўскі і іншыя вядомыя дзеячы. Яна не раз мяняла сваю назву (настаўніцкая семінарыя, руская семінарыя, беларуская семінарыя), але нязменна забяспечвала высокі ўзровень адукацыі, застаючыся адным з найстарэйшых навучальных устаноў Беларусі (у лістападзе 2005 года Свіслацкай гімназіі споўнілася 200 гадоў).
Таму, аддаючы даніну заслугам гэтай навучальнай установы, як адукацыйным, так і гістарычным, фрагмент яе цэнтральнага фасада размешчаны на гербе і флагу раёна. Апошні з’яўляецца вексілалагічным варыянтам афіцыйнай раённай сімволікі.
Колеравая гама вельмі пазнавальная. Верхняе поле – зялёнае, яно ўвасабляе Белавежскую пушчу, ніжняе – чырвонае, з’яўляецца сімвалам патрыятызму, які выхоўвалі ў вучнях гімназіі на працягу двух стагоддзяў. Залаты зубр са срэбнымі рагамі і капытамі ураўнаважаны па памеры і колеравай гаме з выявай залатога ж будынка гімназіі са срэбнымі калонамі. Вокны маюць чырвоны аналагічны з полем колер. Такі прыём у геральдыцы, калі фігура пазбаўлена сваёй сярэдзіны, т.б. уяўляе сабой адтуліну, якая мае абрысы самой фігуры, атрымаў назву скразнога.
Герб і флаг г. Свіслач былі адобраны рашэннем Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў ад 28 красавіка г. № 105.
Мастак і аўтар флаг В.А. Ляхор.