г.п. Парычы
Светлагорскі раён
![G22 ParichiG G22 ParichiG](https://gs.archives.gov.by/wp-content/uploads/elementor/thumbs/G22-ParichiG-oedppvw7rbfvqccfvzlgk088khnikwlcsansignbbk.png)
![G22 ParichiF G22 ParichiF](https://gs.archives.gov.by/wp-content/uploads/elementor/thumbs/G22-ParichiF-oedppznmcfqtqwf5eai17fslx9s4ihv329wqm8f328.png)
Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 29 лiстапада 2001 г. № 73.
Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта звернуты направа залаты леў у кароне, са срэбнымі зубамі і кіпцюрамі, у правай лапе трымае срэбны меч з залатой рукаяццю, над каронай залатая васьміпрамянёвая зорка
Флаг: Прамавугольнае чырвонае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку гербавая эмблема – звернуты да дрэўка леў жоўтага колеру ў кароне, з белымі зубамі і кіпцюрамі, у правай лапе трымае белы меч з рукаяццю жоўтага колеру, над каронай жоўтая васьміпрамянёвая зорка
Герб Парычаў быў прапанаваны супрацоўнікамі Камітэта па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Асновай для яго сюжэта паслужыў малюнак з прывілею 1643 г. каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Цэцыліі Рэнаты гораду Казіміру на магдэбургскае права. Горад названы, відаць, у гонар Жыгімонта Казіміра (род. 1640 г.) сына караля Уладзіслава IV і яго жонкі Цэцыліі Рэнаты. Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму для гісторыі Беларусі дакументу, стала магчымым рэканструяваць яшчэ адзін гістарычны гарадскі герб, які раней не быў апісаны ў апублікаваных крыніцах: залаты картуш складанай формы, змешчаны ў авальную рамку. У цэнтры можна разгледзець круглы шчыт чырвонага колеру з выявай залатога льва ў кароне, з мячом і зоркай.
У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі горада пад назвай Казімір не існуе. У ходзе баявых дзеянняў падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гг. ён, магчыма, мог апынуцца ў раёне баявых дзеянняў і падвергнуцца разбурэння, але пакуль не выяўлены дакументальныя крыніцы, якія пацвярджалі б гэту версію. Магчыма, Казімір мог напаткаць лёс некаторых гарадоў, якія некалі развіваліся, але з часам прыйшлі ў заняпад.
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што адбылася трансфармацыя назвы гэтага населенага пункта, і з часам ён стаў называцца Казімірава Слабада або Каралеўская Слабада. Сёння на тэрыторыі Красноўскага сельскага савета Светлагорскага раёна існуюць два населеных пункта з той жа назвай –Каралеўская Слабада-1 і Каралеўская Слабада-2. Аднак пакуль нельга з упэўненасцю сказаць, што адзін з іх з’яўляецца тым месцам, якому некалі каралева Цэцылія Рэната надала права на самакіраванне і герб.
У гісторыі гарадской геральдыкі вядомы прыклады, калі сучасная тэрытарыяльная адзінка, геаграфічна звязаная з горадам, што некалі існаваў і меў герб, атрымлівала «ў спадчыну» яго адметны знак у якасці свайго афіцыйнага геральдычнага сімвала. У дадзеным выпадку, «геральдычным спадчыннікам» Казіміра з’явіўся гарадскі пасёлак Парычы.
Герб і флаг г.п. Парычы зацверджаны рашэннем Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў ад 6 чэрвеня 2001 г. № 65
Аўтар рэканструкцыі М.М. Елінская, мастак А.У. Леўчык.