г. Светлагорск
Светлагорскі раён
Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле 22 верасня 2000 г. № 43.
Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта залатое сонца.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку гербавая эмблема – жоўтае сонца.
Светлагорск – адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, быў заснаваны ў 1961 г. Населены пункт на яго месцы вядомы з XVI ст. як вёска Шацілкавічы (пазней Шацілкі) у Рэчыцкім павеце Вялікага Княства Літоўскага, якая не мела ўласнага герба.
Да прыняцця сучаснага герба ў Светлагорску існавала гербападобная эмблема, выкананая ў духу савецкай сімволікі – Праметэй як сімвалічны вобраз упартага супраціву творчага мысляра неспрыяльнаму лёсу. Аголеная фігура тытана з грэчаскай міфалогіі была намалявана з факелам у руцэ на фоне двух касых чырвона-зялёных палос. У гербе былі размешчаны таксама назва горада і дата яго заснавання, што супярэчыць класічным законам складання тэрытарыяльнай геральдыкі.
Распрацоўка новага герба вялася ад пачатку 1999 г. Ідэя была падказана старшынёй Светлагорскага гарвыканкама Б.К. Пірштуком. Аўтар арыентаваўся на назву горада: яго светлую, «сонечную» назву вырашана было адлюстраваць на гербе ў выглядзе Сонца. У геральдыцы Сонца з’яўляецца сімвалам, які адносяцца да разраду «натуральных фігур», падразраду «свяцілы, стыхіі», і сімвалізуе святло, багацце, дастатак. Звычайна гэты знак выглядае як круг з чалавечым тварам, акружаны папераменна прамымі і звілістымі прамянямі. З гістарычных аналагаў герб з выявай Сонца быў у Падольскага ваяводства. Залатая выява Сонца ў геральдыцы, як правіла, спалучаецца з чырвоным колерам.
Флаг быў сканструяваны на аснове гербавай эмблемы з выкарыстаннем тых жа эмалі і металу.
Выявы герба і флага былі зацверджаны рашэннем Светлагорскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2000 г. № 41, палажэнні аб іх – гарадскім выканаўчым камітэтам 27 верасня 2000 г. № 531.
Аўтар герба Б.К. Пірштук, аўтар флага С.Я. Рассадзін.