г. Гомель
Герб і флаг зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 2 жнiўня 1997 г. № 9.
Герб: У блакітным полі французскага шчыта залатая рысь, якая ляжыць.
Флаг: Прамавугольнае блакітнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога гербавая эмблема – рысь жоўтага колеру, якая ляжыць.
Першая згадка пра герб Гомеля, а дакладней пра гарадскую пячатку з надпісам на лацінскай мове «Герб горада Гомеля», адносіцца да 1560 г. Больш раннія сведчанні ў пісьмовых крыніцах пра гэта не выяўлены. Згодна з «Привилеем мещаном гомейским на печать местьскую» ад 21 сакавіка 1560 г. кароль польскі, вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст па просьбе гомельскіх мяшчан надаў ім пячатку з выявай кавалерскага крыжа.
У 1772 г., пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Гомель увайшоў у склад Расійскай імперыі. C 1775 года ён быў падораны імператрыцай Кацярынай II свайму генерал-фельдмаршалу графу П.А. Румянцаву-Задунайскаму. Гомель як прыватнаўласніцкае мястэчка не меў уласнага герба. Цэнтрам павета з 1777 г. становіцца Беліца, якая атрымала 16 жніўня 1781 г. герб з новым малюнкам: французскі шчыт перасечаны «ў пояс». У верхняй частцы – узнікаючая фігура двухгаловага арла ў жоўтым полі – частка герба Магілёва, які ў сваю чаргу атрымаў гэты сімвал у знак таго, што Магілёўскае намесніцтва далучана да Расійскай імперыі. У ніжняй частцы – у блакітным полі рысь, якая спакойна ляжыць, «ибо таковых зверей в окрестностях сего города весьма много».
У 1852 г. павятовы цэнтр быў ізноў перанесены ў Гомель, Беліца ж абвешчана заштатным горадам, а ў 1854 г. далучана да Гомеля. 23 снежня 1855 г. быў зацверджаны герб Гомеля: «Щит разделен на две равные части: в верхней изображен Могилевский герб: в золотом щите возникающий государственный орел; в нижней на лазуревом поле, лежащая рысь. Щит увенчан городскою короною каменного цвета».
У 1862 годзе, у адпаведнасці са складзенымі першым кіраўніком Гербавага Аддзялення баронам Б.В. Кёне правіламі ўпрыгожванняў гербаў губерняў, абласцей, граданачальстваў, гарадоў і пасадаў, быў распрацаваны праект герба Гомеля. Ён уяўляў сабой шчыт блакітнага колеру, у цэнтры якога – рысь, што стаіць з прыўзнятай пярэдняй лапай. У верхнім левым вуглу шчыта – невялікае прамавугольнае поле з выявай Магілёўскай губерні: у залатым полі патройная зялёная магіла, з якой выходзяць тры барвовыя з зялёным лісцем каласы. Шчыт павінен быў быць увянчаны срэбнай вежавай каронай з трыма зубцамі – сімвалам павятовага горада. У верхніх вуглах шчыта два пакладзеныя крыжам залатыя молаты – адметны знак, які даваўся гарадам і пасадам, што славіліся развіццём прамысловасці. Молаты злучаныя паміж сабой пунсовай Аляксандраўскай стужкай, якая абрамляе ўвесь шчыт. Праект герба 1862 г. па нявысветленых прычынах зацверджаны не быў, але, відавочна, гэта паслужыла падставай для таго, што на некаторых малюнках Гомельскага герба мы сустракаем рысь, якая стаіць. Афіцыйна зацверджаным гербам Гомель карыстаўся да 1917 г.
Рашэнне аб узнаўленні герба 1855 г. было прынята гарадскім выканаўчым камітэтам ад 16 лiпеня 1997 г. № 802. Рашэнне аб стварэнні флага г. Гомеля на аснове гістарычнага герба было прынята гарадскім выканаўчым камітэтам 15 жнiўня 2001 г. № 919.