г.Талачын
i Талачынскі раён

V37 TolochinG
V37 TolochinF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-75.

Герб: У чырвоным полі іспанскага шчыта срэбны меч з залатой рукаяццю дагары, па баках ад ляза мяча дзве пары залатых паўмесяцаў. Верхнія паўмесяцы рагамі ўніз, ніжнія – рагамі дагары.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – аздобленая жоўтай аблямоўкай выява герба горада Талачын і Талачынскага раёна.

Гісторыя Друцкага княства багатая на падзеі, якія маюць вялікае значэнне не толькі ўласна для гэтых зямель, але і для фарміравання дзяржаўнасці ўсёй сярэднявечнай Беларусі. Князі Друцкія ваявалі з татарамі, удзельнічалі ў міжусобных войнах. У XIV ст. ў складзе войска, пасланага вялікім князем літоўскім Альгердам на дапамогу яго саюзніку Міхаілу Цвярскому, быў і князь Дзмітрый Друцкі. Друцкія ўваходзілі ў бліжэйшае асяроддзе князя Вітаўта, бралі ўдзел у бітве з татарамі на рацэ Ворскле ў 1399 годзе.

У 1-й палове XIV ст. род князёў Друцкіх падзяліўся на некалькі ліній. А. Гваньіні пісаў, што «шмат шляхты рускай тытул княства (Друцкага) ўжывалі» і паступова княства пачало распадацца ў сувязі з падзелам яго тэрыторыі паміж асобнымі галінамі княжацкага роду. У XVI ст. роля тэрытарыяльнага цэнтра паступова перайшла ад Друцка да Талачына, а ўлада – да князёў Друцкіх-Талачынскіх.

Друцкія належалі да вышэйшай арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага, знаходзіліся ў сваяцтве з вялікім князем і каралём Казімірам, што забяспечвала ім вельмі высокі статус. Шматлікія прадстаўнікі разгалінаванага роду (Друцкія-Сакалінскія, Друцкія-Падбярэзскія, Друцкія-Талачынскія) карысталіся гербам «Друцк» або яго мадыфікацыямі. Віленскі ваявода Леў Іванавіч Сапега быў нашчадкам князёў Друцкіх па жаночай лініі. На яго гербе, змешчаным на тытульным лісце Статута 1588 г., можна ўбачыць герб яго маці – «Друцк».

Пры разглядзе герба г. Талачына і Талачынскага раёна на Геральдычным савеце перад экспертамі паўстала пытанне аб правамернасці выкарыстання прыватнаўласніцкага герба ў якасці герба адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Група навукоўцаў рэспублікі, якія даследуюць гісторыю Друцка і Друцкага княства (Г.В. Штыхаў, В.М. Ляўко, І. П. Хаўратовіч, Р.Ч. Лянькевіч) падтрымалі рашэнне Талачынскага раённага выканаўчага камітэта ад 10 кастрычніка 2002 г. № 534 аб наданні гербу «Друцк» статус герба горада Талачына і Талачынскага раёна. Праект флага зацверджаны рашэннем Талачынскага раённага выканаўчага камітэта ад 9 сакавіка 2010 г. № 133.

Аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.