г.п.Ушачы
і Ушацкі раён

V39 UshachiG
V39 UshachiF

Герб г.п. Ушачы зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 26 ліпеня 2002 г. № 96. 

Флаг г.п. Ушачы і Ушацкага раёна заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 2011 г. № 86 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 15 сакавіка 2011 г. № Б-192.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта выява Святога Лаўрэнція, за фігурай якога залатая рака.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй белай і ніжняй блакітнай, у цэнтры правага боку палотнішча – выява герба гарадскога пасёлка Ушачы.

Ушачы вядомы з XVI ст. як сяло ў Полацкім ваяводстве, уладанне А. Сялявы, потым яго сыноў. З 1594 г. – цэнтр воласці. У 1624 г. належалі полацкаму стольнік Ю. Кляноўскаму. У 1672 г. уладальнік Ушачаў Д. Радзімінскі-Францкевіч пабудаваў тут базыльянскі кляштар. У XVII–XVIII стст. Ушачы належалі Шчытам, Жабам, Плятэрам. В1716 г. І. Жаба заснаваў касцёл і дамініканскі кляштар з гаспадарчымі пабудовамі, броварам, лазняй, шпіталем і шасцікласнай школай. 23 чэрвеня 1758 г. Ушачы атрымалі магдэбургскае права і разам з ім герб з выявай Святога Лаўрэнція. Як праходзіла працэдура надання герба мястэчку, якія акалічнасці паўплывалі на выбар гербавага сюжэту, хто быў яго ініцыятарам – невядома. Гарадскія гербы з выявай святых не рэдкасць для беларускай тэрытарыяльнай сімволікі. Можна толькі здагадвацца чаму на гербе Навагрудка (1595 г.) прадстаўлены Архангел Міхаіл, Малеча (1645 г.) – Святы Пётр, а Радашковічаў і Шарашэва – Святы Стэфан і Архангел Гаўрыіл. У многіх выпадках лічылася, што той ці іншы святы з’яўляецца заступнікам горада. Такі святы асабліва шанаваўся, у яго гонар ўзводзіліся храмы, ладзіліся святы і г.д.

Касцёл у гонар Святога Лаўрэнція ва Ушачах быў пабудаваны ў 1908–1913 гг. Складаны і трагічны лёс напаткаў гэты храм, як і тысячы іншых, у савецкі час. У 1932 г. яго зачынілі, а святароў саслалі на Салаўкі. Касцёл быў вернуты вернікам ўжо пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі, а ў 1999 г. у ім прайшло першая набажэнства. Пачалося аднаўленне храма, у якім актыўна ўдзельнічаюць яго парафіяне.

У каталіцкім мастацтве Лаўрэнцій часта паўстае маладым чалавекам, апранутым у далматыку, з кароткімі цёмнымі валасамі і барадой; яго атрыбуты – пальмавая галіна, торба з грашыма або золатам (у жывапісу папулярныя сюжэты з раздачай грошай жабракам і вылячэннем сляпых) і распаленыя краты – прылада пакарання.

Прыкладна такім мы бачым сёння яго на гербе Ушачаў, быць можа таму, што базыльяне, у тым ліку і мнахі кляштара, які калісці быў ва Ушачах, выступалі супраць прымянення цялесных пакаранняў у школах.

Герб адобраны рашэннямі Ушацкага раённага выканаўчага камітэта ад 26 красавіка 2002 г. № 208 і Ушацкага раённага Савета дэпутатаў ад 28 чэрвеня 2002 г. № 112. Флаг г.п. Ушачы і Ушацкага раёна адобраны рашэннем ад 30 жніўня 2010 г. № 70210.

Мастак узноўленнага герба А.У. Леўчык. Аўтар флага М.М. Елінская, мастак В.А. Ляхор.