г.п.Сураж

Віцебскі раён

V36 SurazhG

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2006 года № 36 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-77.

Герб: У срэбным полі барочнага шчыта крапасная сцяна замка з трыма вежамі чырвонага колеру. У крапасной сцяне і вежах – байніцы, у падножжы трох вежаў – уваходныя праёмы.

Першая згадка пра Сураж адносицца да XVI ст. Па распараджэнні караля польскага, вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста віцебскі ваявода С. Забаражскі ў 1563 г. у ваенных мэтах пабудаваў Суражскі замак. У 1570 г. Сураж атрымаў такія ж правы і вольнасці, як і Віцебск. Годам раней горад атрымаў герб: у срэбным полі крэпасць з трыма вежамі.

Выкананы па законах геральдыкі, герб сімвалічна адлюстроўвае геаграфічнае становішча населенага пункта. Элемент абарончай сімволікі азначае прыгранічнае становішча горада, які перажыў за некалькі стагоддзяў нямала войнаў.

За ўсю гісторыю Сураж меў два герба. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай ён увайшоў у склад Расійскай імперыі. 21 жніўня 1781 г. Кацярынай II быў зацверджаны герб заштатнага горада Суража:  «В верхнем, золотом поле возникающий Государственный орел; в нижней части – Полоцкий герб – на коне воин, держащий в правой руке саблю, на левой руке надет красный щит с двойным на оном крестом. Поле разделено на четыре части: красное, золотое, серебряное и голубое».

Аднак вядома, што чым старажытнее герб, тым вышэй і адчувальней яго духоўны патэнцыял. Менавіта таму ў рашэнні сесіі Суражскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 29 сакавіка 2002 г. № 25 падкрэсліваецца, што герб 1569 г. на працягу некалькіх стагоддзяў быў для жыхароў Суража сімвалам высокага патрыятызму, палітычнай і эканамічнай значнасці, духоўнай цвёрдасці, вернасці роднаму гораду. Старажытны герб з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.  У адпаведнасці з законамі геральдыкі ён адлюстроўвае духоўную і гістарычную місію горада.

Герб зацверджаны рашэннем Суражскага пасялковага выканаўчага камітэта ад 21 сакавіка 2002 г. № 24.