г.п.Копысь

Аршанскі раён

V20 KopysG
V20 KopysF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 60 ад 9 лютага 2004 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-7 і Б-8.

Герб: У зялёным полі французскага шчыта чорны заяц, які сядзіць.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2. На 1/2 вышыні ў верхняй частцы флага па ўсёй даўжыні палотнішча праходзіць белая паласа. На 1/4 вышыні ў ніжняй частцы сцяга па ўсёй даўжыні палотнішча праходзіць зялёная паласа, над ёй размешчана паласа чорнага колеру, шырыня якой роўная 1/2 ніжняй. Вышэй знаходзіцца зялёная паласа, шырыня якой роўная 1/2 шырыні папярэдняй паласы (1/4 шырыні ніжняй паласы).

З 1772 г. Копысь у складзе Расійскай імперыі, павятовы горад Магілёўскай губерні (1777–1796 і з 1802 па 1861 гг.), у 1796 г. пакінуты заштатным, у 1802 г. перайменаваны ў павятовы, а 26 снежня 1861 г. ізноў стаў заштатным. План горада зацверджаны ў 1778 г., а герб – 16 жніўня 1781 г.

У аснову герба пасёлка пакладзены звесткі пра тое, што акруга Копысі славілася ляснымі масівамі, багаццем дзічыны, а сярод жывёл толькі тут сустракаліся чорныя зайцы. У тэксце абгрунтавання неабходнасці заснавання герба Копысі адзначаецца, што герб, заснаваны ўказам Кацярыны II у канцы XVIII ст, арганічна ўвайшоў у жыццё і свядомасць жыхароў гарадскога пасёлка асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе XX – пачатку XXI стст. Яго можна сустрэць на старонках выданняў, прысвечаных гісторыі і культуры гарадскога пасёлка; ні адно мерапрыемства рэспубліканскага, раённага і пасялковага значэння не абыходзілася без яго выкарыстання.

Для стварэння «поўнага камплекта» сучасных афіцыйных геральдычных сімвалаў Копысі ўжо ў нашы дні распрацаваны флаг г.п. Копысь з выкарыстаннем асноўных колераў герба. Рашэнне аб адабрэнні герба і флага прынята копыскім пасялковым Саветам дэпутатаў 18 лютага 2003 г. № 110.

.