г.п.Відзы
Браслаўскі раён
Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-3 і № Б-4.
Герб: У чырвоным полі французскага шчыта залатая пчала з чырвонымі вачыма.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое вертыкальна падзелена на тры роўныя часткі чырвонага, жоўтага і чырвонага колеру.
Герб для Відзаў быў распрацаваны у 1858–1861 гг. расійскімі спецыялістамі Гербавага аддзяленнi пры канцылярыі Дэпартамента Герольдыі. Пасаду кіраўніка ў гэты час займаў барон Б.В. Кёнэ, які ўзяўся за перагляд выяў гарадскіх гербаў па губернях. Адначасова паўстала пытанне аб мэтазгоднасці ўвядзення гербаў для ўсіх без выключэння гарадоў Расійскай імперыі.
Відзы ў сярэдзіне XIX ст. – горад Ковенскай губерні, цэнтр воласці. Размяшчэнне на паштовым тракце Дзвінск – Вільня спрыяла хуткаму развіццю горада. Тры разы на год у горадзе праводзіліся кірмашы, але афіцыйна герб Відзаў зацверджаны не быў.
Галоўная фігура, размешчаная ў гербавым полі – пчала – напоўнена ў геральдыцы пазітыўным сэнсам і ўвасабляе працавітасць і старанне. У заходняй сімволіцы пчалу называюць «птушачкай Марыі» ці «божай птушачкай», і яна лічыцца сімвалам душы. У ачалавечаных параўнаннях пчолы паўстаюць храбрымі, цнатлівымі, стараннымі, чыстымі, яны жывуць у згодзе з прыродай і адораны пачуццём прыгожага.
Нягледзячы на тое, што праект герба г.п. Відзы ствараўся ў XIX ст., пчала на сучасным варыянце выглядае аднолькавай ва ўяўленнях мастакоў расійскай герольдыі XIX ст. і нашых сучаснікаў. Флаг і герб адобраны рашэннем Відзаўскага пасялковага Савета дэпутатаў ад 20 верасня 2002 г. № 15-2.
Мастак А.У. Леўчык.