г.Новалукомль

Чашніцкі раён

V25 NovolukomlG
V25 NovolukomlF

Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 36 ад 20 студзеня 2006 г. і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 лютага 2006 года № Б-70. 

Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 чэрвеня 2009 г. № Б-168.

Герб: Іспанскі шчыт блакітнага колеру, рассечаны “ў слуп”. У правай частцы – срэбная прыступка турбіны, у левай – тры залатых слупа. 

Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з дзвюх роўнавялікіх гарызантальных палос: верхняй белай і ніжняй блакітнай, аддзеленых адна ад адной двума вузкімі хвалістымі паясамі: верхнім блакітным і ніжнім белым. У цэнтры правага боку палотнішча – выява герба горада Новалукомля.

Новалукомль – адзін з самых маладых гарадоў Беларусі Ён узнік у 1964 г. у сувязі з будаўніцтвам Лукомскай ДРЭС. У 2002 годзе гарадская камісія ў «мэтах патрыятычнага выхавання грамадзян і захавання гістарычных традыцый Віцебшчыны» распачала працу над стварэннем сучаснага герба.

Блакітнае поле шчыта досыць часта сустракаецца на гербах Віцебскай вобласці. У левай частцы поля тры залатыя слупы – першарадныя геральдычныя фігуры. На дадзеным гербе яны сімвалізуюць тры асноўных горадаўтваральных галіны: энергетычную – Лукомльскую ДРЭС, харчовую –хлебны і малочны заводы, і прамысловую – заводы «Эласт», «Этон» і керамзітавага жвіру.

Што датычыцца правай часткі герба, то на ёй размешчана зусім не геральдычная фігура – срэбная прыступка турбіны. Безумоўна, гэта штучная фігура. У.К. Лукомскі пісаў: «Штучнымі фігурамі прынята называць у геральдыцы прадметы, створаныя чалавекам. Разнастайнасць іх, вядома, бязмежна.  З ліку іншых прадметаў мірнага ўжытку дапушчальны толькі тыя, якія служаць сімваламі адцягненых паняццяў або непасрэднымі эмблемамі спецыяльных званняў, пасадаў, прафесій».

На гербе Новалукомля лапатачны дыск адначасова сімвалізуе гідраэлектрастанцыю як горадаўтваральнае прадпрыемства і тэхнічны вузел, як вынік інжынернай дзейнасці.

Аўтары герба В.В. Караблін – інжынер-канструктар філіяла Лукомльскай ДРЭС і С.М. Мяфодзьеў – ст. пажарны на аб’ектах Лукомльскай ДРЭС). Аўтар флага В.В. Караблін.

Герб адобраны рашэннем Новалукомскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 18 лiпеня 2002 г. № 196. Флаг і палажэнне аб iм адобраны рашэннем Новалукомскагп гарадскога выканаўчага камітэта ад 19 лістапада 2008 г. № 297.