г. Дзісна
Мёрскі раён
Герб заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 3 сакавiка 2004 г. № Б-9.
Флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2009 г. № 277 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 4 июня 2009 г. Б-166.
Герб: У блакітным полі барочнага шчыта ладдзя натуральнага колеру з распушчаным срэбным ветразем на срэбных хвалях.
Флаг: Прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, якое складаецца з трох гарызантальных палос: верхняй і ніжняй блакітных, якія складаюць адну дзесятую шырыні флага, і цэнтральнай белай. У цэнтры правага боку палотнішча на белай паласе – выява герба Дзісны.
20 студзеня 1569 г. па прывілеі Жыгімонта II Аўгуста, горад атрымаў магдэбургскае права і, як адзін з атрыбутаў самакіравання, герб. Герб Дзісны – адзін з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Яго цэнтральная фігура – ладдзя з распушчаным срэбным ветразем і сцягам таго ж металу, які развеваецца на мачце – сімвалізуе камерцыйныя сувязі на суднаходнай Заходняй Дзвіне на гандлёвым шляху «з варагаў у грэкі».
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Дзісна, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, двойчы атрымлівала свой афіцыйны геральдычны сімвал, зацверджаны вярхоўнай уладай. Першы герб быў «найвысока зацверджаны» 22 студзеня 1796 г.: «В верхней части щита герб Минский. В нижней – по обильному в сем округе посеву и урожаю льна, которым жители сего нового города отправляют прибыточный торг в Ригу, помещен на герб в зеленом поле поставленный золотой сноп льна». На гербах гарадоў Мінскага намесніцтва, да якога ў гэты час адносілася і Дзісна, дзяржаўны герб Расійскай імперыі быў размешчаны цалкам, а герб намесніцкага горада (Мінска) – на грудзях двухгаловага арла.
З 1842 г. Дзісна ўвайшла ў склад Віленскай губерні і атрымала трэці па ліку гарадскі герб. Ад папярэдніх герб, атрыманы горадам 6 красавіка 1845 г., адрозніваўся фігурай, размешчанай у верхняй частцы шчыта, дзе прысутнічаў віленскі герб – у чырвоным полі ўзброены вершнік з узнятым мячом у правай руцэ.
Аднак выканаўчы камітэт горада Дзісна, згодна з рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта № 378 ад 2001/06/21 г. «Аб распрацоўцы новых і ўзнаўленні гістарычных гербаў гарадоў і гарадскіх пасёлкаў Віцебскай вобласці», на падставе матэрыялаў, прадстаўленых раённай камісіяй па распрацоўцы гербавай сімволікі, аддаў перавагу самаму старому, а значыць найбольш ганароваму гербу, атрыманаму горадам у XVI ст.
Герб г. Дзісна быў адобраны рашэннем Дзісенскага гарадскога Савета дэпутатаў у 2002 г.
Флаг г. Дзісна быў зацверджаны рашэннем Дзісенскага гарадскога Савета дэпутатаў ад 18 верасня 2008 г. № 9-2.