Магілёўская вобласць

Mg01 MogilevregionemG
Mg01 MogilevregionemF

Герб і флаг заснаваны Указам Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь ад 3 студзеня 2005 года № 1 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры Рэспублікі Беларусь 6 студзеня 2005 года № Б-27 і № Б-28.

Герб: У залатым полі французскага шчыта ў авале блакітнага колеру Магілёва-Брацкая Маці Божая. Унізе размешчаны тры зялёныя пагоркі, на якіх тры барвяныя каласы з залатымі сцяблінамі. Шчыт акружаны злучаным блакітнай Андрэеўскай стужкай вянком з залатога лаўровага лісця.

Флаг: Прамавугольнае палотнішча чырвонага колеру з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры правага боку якога – выява герба Магілёўскай вобласці.

За аснову герба Магілёўскай вобласці ўзяты герб Магілёўскай губерні, «найвысока зацверджаны» 5 ліпеня 1878 г. У верхняй частцы шчыта размешчана выява Божай Маці як сімвал заступніцтва Магілёўскіх земляў. Адлюстравана іканаграфія Магілёва-Брацкай Маці Божай, якая з’яўляецца адным з чатырох праслаўленых абразоў Магілёўшчыны.

Элементы герба пераклікаюцца ў сваёй сімволіцы з элементамі абраза «Спарыцельніца хлябоў», якую блаславіў для шанавання старац Амвросій Опцінскі. На абразе Прачыстая Дзева моліцца над хлебнымі нівамі. Яе вобраз размешчаны на шчыце авальнай формы. Авал – сімвал паўнаты тварэння і дасканаласці, у дадзенай выяве на гербе сімвалізуе нябеснае вока. Блакітны колер шчыта азначае веліч, прыгажосць і яснасць.

У ніжняй частцы шчыта захаваны сюжэт гістарычнага герба. Тры пагоркі гавораць аб ландшафтах Магілёўшчыны і адлюстроўваюць легенду пра ўзнікненне цэнтра тэрытарыяльнага ўтварэння. Зялёны колер пагоркаў – колер надзеі, багацця, а таксама сімвал свабоды. Тры каласы сімвалізуюць урадлівасць трох асноўных раёнаў, якія ўваходзяць у вобласць – Падняпроўскага, Друцка-Бярэзінскага і Сожска-Бяседскага. У кожнага коласа сем зерняў. Лічба сем – сімвал паўнаты тварэння. Дваццаць адно зерне ў каласах азначае дваццаць адзін раён Магілёўскай вобласці.

Шчыт акружаны залатым дубовым і лаўровым лісцем, злучаным Андрэеўскай стужкай. Дубовыя галінкі – сімвал гераічнага мінулага, сілы, мужнасці, памяці аб загінуўшых воінах, галінкі лаўра – сімвал славы і культурных дасягненняў. Андрэеўская стужка, якая традыцыйна размяшчалася на гербах губернскіх гарадоў, звязвала залатыя дубовыя галіны. Апостал Андрэй Першазванны шанаваўся святым заступнікам славянскай зямлі. Колер Андрэеўскай стужкі ў асноўным супадае з каляровым сімвалам Маці Божай.

Флаг мае чырвонае палотнішча. Колер абраны невыпадкова. У XVII ст. была вядома гарадская харугва Магілёва: на чырвоным палотнішчы блакітны крыж. У хроніцы Яна Длугаша ёсць апісанне харугваў беларускіх атрадаў, якія прынялі ўдзел у Грунвальдскай бітве. У іх ліку быў атрад Мсціслаўскага княства, у склад якога ўваходзіла большая частка сучаснай Магілёўскай вобласці. Харугва гэтага атрада – «Пагоня» на чырвоным палотнішчы. Акрамя гэтага, з 60-х гг. XVI ст. існавала харугва Мсціслаўскага ваяводства. Яна мела колеры: жоўты і ў чырвоным полі герб «Пагоня». Паводле А. Гваньіні, колер харугвы быў памяранцавы (аранжавы).

Герб і флаг вобласці былі створаны ў адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ад 24 верасня 2002 г. № 18/11.

Аўтар і мастак герба і флага П.І. Дзімітрыядзі.